«Кінулі без ежы і вады»
11- 18.02.2026, 11:14
- 4,030
Жыхар Данбаса прызнаўся, як яго прымусілі ваяваць за армію Пуціна.
У палон да ўкраінскіх вайскоўцаў трапіў 19-гадовы жыхар акупаванай часткі Данецкай вобласці. Ён расказаў, што яго пад пагрозай крымінальнага пераследу за «ўхіленне ад мабілізацыі» акупанты прымусілі падпісаць кантракт з Мінабароны РФ.

Хлопцу абяцалі «службу ў тыле», падман раскрыўся адразу пасля падпісання кантракта. Пра сваю гісторыю, а таксама пра парадкі, што пануюць у «другой арміі свету», і жорсткае абыходжанне са сваімі ж Алег Шарыпаў расказаў у відэа, апублікаваным на рэсурсах праекта «Хочу найти».
Што расказаў палонны
Той, хто трапіў у палон да ЗСУ, 19-гадовы жыхар акупаванага з 2014 года горада Торэз Данецкай вобласці Алег Шарыпаў, расказаў, што на вайну ён трапіў пасля таго, як акупанты паставілі яго перад выбарам: або турма па прыдуманай падставе, або кантракт з Мінабароны РФ.

Турэмным тэрмінам яму пагражалі за нібыта ўхіленне ад мабілізацыі. Хаця, падкрэсліваюць у «Хочу жить», да таго, як Расія развязала паўнамаштабную вайну ў 2022 годзе, ніякай мабілізацыі не было.
«Мяне ўпэўнівалі, што я буду служыць у тыле, але як толькі я падпісаў кантракт, зразумеў, што мяне падманулі. Адразу на палігоне камандзіры паказалі сваё сапраўднае аблічча: здзекі і паборы былі пастаяннай з'явай. Нас накіравалі ў Кучэраў Яр, але многія адмаўляліся ісці. З такімі абыходзіліся вельмі жорстка: білі і адпраўлялі зноў у штурм», — расказаў Шарыпаў.
«Баявы шлях» хлопца, які стаў салдатам акупацыйнай арміі, завяршыўся пасля таго, як ён трапіў у акружэнне ў пасёлку Кучэраў Яр, які ўкраінскія воіны вызвалілі 23 кастрычніка 2025 года.
«У пасёлку нас проста кінулі ў поўным акружэнні без вады і ежы. Калі беспілотнік ЗСУ прапанаваў мне здацца ў палон, я палічыў гэта правільным рашэннем і выканаў усе яго інструкцыі», — заявіў ваеннапалонны жыхар часова акупаваных тэрыторый Данецкай вобласці.
У палон Шарыпаў трапіў у кастрычніку 2025 года. Сваё 19-годдзе ваеннаслужачы 138-й асобнай мотастралковай брыгады Узброеных Сіл РФ сустрэў ужо на падкантрольнай Украіне тэрыторыі: дзень нараджэння ў яго быў 23 студзеня.
Цяпер Шарыпаў застаецца ў палоне. Ягоныя родныя звярнуліся ў праект «Хочу найти», атрымалі пацвярджэнне факту палону і дамагаюцца яго вяртання дадому. Аднак шанцы на тое, што іхнія намаганні ўвенчаюцца поспехам, мінімальныя: паводле дадзеных праекта, Расія практычна не забірае палонных з часова акупаваных тэрыторый Украіны.
«За апошнія два гады адбыліся дзясяткі абменаў ваеннапалоннымі: больш за 4500 расійскіх ваеннаслужачых вярнуліся ў Расію. Сярод абмененых за гэты час колькасць жыхароў так званых «ЛДНР» склала менш за 10 чалавек. Нягледзячы на тое, што Украіна не перашкаджае абмену ваеннапалонных гэтай катэгорыі, Мінабароны РФ аддае перавагу іх не вяртаць», — адзначаецца ў паведамленні.