«Хто не вывучыў маршрут — абнулюць»
4- 18.02.2026, 10:25
- 5,064
Акупант-зэк, які здаўся ў палон ЗСУ, паскардзіўся на бязмежжа ў арміі Пуціна.
46-гадовы Андрэй Сакман з Чалябінска, які большую частку жыцця правёў у турмах, добраахвотна здаўся ў палон украінскім вайскоўцам пасля пагрозаў «абнулення» з боку камандзіраў РФ. Паводле яго слоў, у расійскай арміі адзіны метад матывацыі — страх смерці, а чалавечае жыццё не мае ніякай каштоўнасці.
Ён згадзіўся пайсці на вайну, спадзеючыся зарабіць грошы і атрымаць «бяспечную» службу ў тыле. Пра гэта паведамляе праект «Хачу жыць» у сваім Telegram-канале.

Аднак ужо на палігоне, паводле яго слоў, яму далі зразумець: выбару няма, шлях адзін — у штурмавыя падраздзяленні. Любыя спробы пярэчыць суправаджаліся прамымі пагрозамі фізічнай расправы.

Перад баявымі выхадамі, як сцвярджае палонны, палітінструктары адкрыта заяўлялі: той, хто не вывучыць маршрут або выкажа незадаволенасць, будзе «абнулены». У якасці альтэрнатывы называлі самагубства. У такой атмасферы, кажа Сакман, выжыванне залежала не ад падрыхтоўкі ці тактыкі, а ад сляпога падпарадкавання загадам.
Калі на пазіцыі выйшлі ўкраінскія вайскоўцы, Сакман без ваганняў здаўся ў палон. Ён адзначыў, што ўпершыню за доўгі час адчуў да сябе чалавечае стаўленне з боку байцоў Узброеных Сіл Украіны. Досвед вайны канчаткова пераканаў: дзяржава РФ выкарыстоўвае такіх людзей як расходны матэрыял, а нязгода з гэтым караецца смерцю — ад ворага або ад сваіх.