WSJ: Іран можа вывезці ўзбагачаны ўран у Расію
4- 18.02.2026, 8:32
- 2,388
Яго хапіла б для 12 ядзерных бомбаў.
Прадстаўнікі Ірана падчас першага раўнду перамоў з ЗША ў Амане, 6 лютага, прапанавалі перадаць свой высокаўзбагачаны ўран Расіі. Таксама краіна гатовая прыпыніць працэс узбагачэння на некалькі гадоў.
Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.
Што было на сустрэчы ў Амане
Як вядома, Іран заўсёды заяўляў, што ўзбагачае ўран у мірных мэтах, хаця гэта адзіная краіна без ядзернай зброі, якая вырабляе ўран з 60-працэнтным узбагачэннем, што блізка да 90%, неабходных для стварэння зброі.
Менавіта таму ЗША і хочуць заключыць здзелку, каб гэтага не дапусціць.
«На папярэдняй сустрэчы ў Амане Іран заявіў ЗША, што гатовы адпраўляць за мяжу гэты высокаўзбагачаны матэрыял, якога хапіла б для зараджання 12 ядзерных бомбаў, магчыма, у Расію», — сказалі выданню іранскія, арабскія і амерыканскія афіцыйныя асобы.
Таксама, паводле слоў дыпламатаў, іранскія чыноўнікі далі зразумець, што могуць прапанаваць прыпыніць узбагачэнне ўрану на тэрмін да трох гадоў.
Але, як піша WSJ, гэтае абяцанне мала што зменіць, бо лічыцца, што Іран спыніў узбагачэнне ўрану пасля таго, як у чэрвені амерыканскія ўдары паралізавалі асноўныя ядзерныя аб’екты краіны.
Выданне таксама дадало, што пасля удараў ЗША і Ірана ў чэрвені 2025 года асноўная частка наяўных запасаў высокаўзбагачанага ўрану знаходзіцца пад абломкамі атакаваных ядзерных аб’ектаў.
Што вядома пра перамовы ў Жэневе
Учора, у аўторак, 17 лютага, у Жэневе прайшоў другі раунд перамоў паміж Іранам і ЗША.
Паводле слоў кіраўніка МЗС Ірана Аббаса Арагчы, перамовы былі больш змястоўнымі; ён дадаў, што абодва бакі прадставілі ідэі, накіраваныя на распрацоўку пагаднення.
Ён таксама расказаў, што Іран і ЗША дамовіліся абменяцца тэкстамі для стварэння асновы здзелкі да таго, як будзе вызначаная дата новых перамоў.
«Гэта не азначае, што мы зможам хутка дасягнуць пагаднення, але, прынамсі, шлях да гэтага пачаўся», — сказаў Арагчы пасля перамоў з пасланнікамі Трампа Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам.
Крыніца WSJ удакладніла, што Іран пагадзіўся прадставіць тэкст на працягу двух тыдняў, «каб зняць некаторыя няпэўнасці ў нашай пазіцыі».