Лукашэнка апісаў сяброў свайго рэжыму фразай «па пальцах пералічыць»
12- 16.02.2026, 19:13
- 3,742
Дыктатар зноў «пакляўся» ў вернасці Расіі.
У Беларусі сяброў — «па пальцах пералічыць», і час паказаў, што Маскве і Мінску нібыта не абысціся адзін без аднаго, заявіў дыктатар Аляксандр Лукашэнка, перадае БелТА.
Узурпатар адзначыў, што краіна заўсёды была арыентаваная на Расію — «там наша многае, калі не ўсё».
«І былі часы, калі кіраўніцтва Расіі, ваенныя лічылі: «Ну, а што там Беларусь, мы можам без Беларусі справіцца». Час паказаў, што сяброў у нас — па пальцах пералічыць», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Сяргеем Глазьевым.
Аднак Захад, паводле слоў Лукашэнкі, зачыніў перад Беларуссю дзверы, а пасля «нават у акно не прапанавалі палезці». «Мы што, неяк супраць Амерыкі паступалі? Не. Усё зразумела. Вось наша пазіцыя: Расія і Кітай — гэта жыццёва неабходныя для існавання Беларусі дзяржавы», — падсумаваў ён.
Дыктатар дадаў, што ў Мінску «сур'ёзна настроеныя працаваць з Расіяй настолькі, наколькі здольная на гэта Расія».