20 сакавiка 2026, Пятніца, 16:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Reuters: Расійскія нафтавікі не чакалі такога эфекту ад рашэння Трампа

25
Reuters: Расійскія нафтавікі не чакалі такога эфекту ад рашэння Трампа

РФ пачала захлынацца нафтай.

Ёмістасць нафтасховішчаў на тэрыторыі Расіі набліжаецца да вычарпання па меры таго, як у нафтавых кампаній нарастаюць цяжкасці з продажамі ў Індыю, піша Reuters са спасылкай на даныя аналітыкаў Kpler і Rystad Energy.

Індыя, якая стала найбуйнейшым пакупніком марскіх партый гатунку Urals, у студзені скараціла імпарт на траціну — да 1,1 млн барэляў у суткі з 1,7 млн у сярэднім летась. У выніку каля 150 млн барэляў, вывезеных танкерамі з партоў РФ, «завязлі» ў моры, а агульны экспарт расійскай нафты пачаў падаць: у лютым ён складае каля 2,8 млн барэляў у дзень супраць 3,4 млн у студзені.

Ёмістасці наземных сховішчаў дазваляюць Расіі захоўваць усяго каля 32 млн барэляў — і гэта толькі 3–4 дні цяперашняй здабычы. Пры гэтым каля паловы гэтага аб'ёму ўжо задзейнічана, падлічылі ў Kpler на падставе спадарожнікавых здымкаў.

Немагчымасць захоўваць нафту прывядзе да таго, што нафтавікам давядзецца скарачаць здабычу — прыкладна на 300 тысяч барэляў у суткі да сакавіка-красавіка, прагназуе Rystad Energy. Часткова вырашыць праблему непрададзенай нафты можа шырокая сетка трубаправодаў «Транснефть» — усяго яна можа змясціць каля 100 млн барэляў, ацэньваюць у Kpler. Праўда, і гэты аб'ём невялікі ў параўнанні з маштабамі здабычы — каля 11 дзён вытворчасці.

З-за цяжкасцяў з продажам нафты расійскія нафтавікі ўжо скарачаюць здабычу — на 100 тысяч барэляў у суткі ў снежні і яшчэ на 26 тысяч — у студзені, распавялі Bloomberg крыніцы, знаёмыя з засакрэчанай дзяржаўнай статыстыкай.

Спад здабычы ў РФ фіксуецца, нягледзячы на тое, што здзелка АПЕК+ дазваляе яшчэ нарошчваць: цяпер расійская квота складае 9,57 млн барэляў у дзень супраць 8,97 млн летам, калі дзейнічалі абмежаванні на вытворчасць. Але фактычна нафтавая прамысловасць выдае 9,28 млн барэляў у суткі — гэта значыць на 300 тысяч менш за квоту.

Па выніках 2025 года здабыча нафты ў Расіі ўпала да 15-гадовага мінімуму ў 512 млн тон. А нафтавыя кампаніі, паводле ацэнак Газпрамбанка, страцілі каля $33 млрд валютнай выручкі з-за цяжкасцяў з экспартам і неабходнасці прапаноўваць гіганцкія зніжкі, што дасягаюць амаль $30 за барэль.

Сярэдні кошт гатунку Urals — асноўнай экспартнай маркі РФ — апусціўся да $40 за барэль, хоць у бюджэт закладзена $59, а для яго збалансавання патрэбныя яшчэ вышэйшыя цэны — $93 за бочку, паводле ацэнак Альфа-Банка. Нафтагазавыя даходы бюджэту ў пачатку 2026 года абнавілі мінімумы з часоў пандэміі: у студзені гэта было 393 млрд рублёў — удвая менш, чым у тым жа месяцы годам раней.

На ўзроўні кампаній асноўны ўдар прыйдзецца на «Роснефть» і «Лукойл» праз узмацненне цэнавага ціску і рост лагістычных зніжак, адзначае аналітык Freedom Finance Уладзімір Чарноў: «Экспартная выручка скарачаецца, асабліва ў праектаў з высокім сабекоштам. Пры такой цане Urals прастора для інвестыцый і дывідэндаў застаецца абмежаванай».

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках