У Маладзечанскім раёне некалькі дзён існавала «беларуская Антарктыда»
1- 16.02.2026, 14:36
- 2,210
Што з ёй цяпер.
У Threads толькі і размоў, што пра «беларускую Антарктыду». Незвычайную лакацыю выявілі за Радашкавічамі. Цяпер адны збіраюцца ехаць на месца і хутчэй рабіць кантэнт, а іншыя поўныя сумневаў: ці не чарговыя гэта штукарствы ШІ? Але не, лакацыя рэальная. Праўда, ужо з выходных усё выглядае крыху інакш, піша Onliner.by.
«Сёння з'ездзіла ў лакацыю, пра якую думала некалькі тыдняў і бачыла некалькі пастоў у Threads. Там я сустрэла некалькі чалавек — як высветлілася, таксама з Threads», — напісала аўтарка.
«Замак Сняжнай каралевы», — паэтычна заўважыла іншая беларуска.
У каментарыях пад пастом вышэй сваімі кадрамі падзялілася яшчэ адна дзяўчына. Апярэджваючы расспыты, аўтарка запэўніла: «Калі што, гэта не ШІ».
Фота і відэа, распавяла чарговая аўтарка паста, былі зроблены літаральна нядаўна — 11 лютага.
Уражаныя відамі, многія прасілі падзяліцца дакладнай лакацыяй. Адразу ў некалькіх пастах пазначана: шукаць трэба ў Маладзечанскім раёне.
Дык што ж на фота? Зыходзячы з адказаў, фота зробленыя каля вадонапорнай вежы ў вёсцы Гарнякі пад Маладзечнам.
Журналістам выдання «Мінская праўда» распавялі, што вежа знаходзіцца на балансе ААТ «Дуброво-2013», але цяпер яна здаецца ў арэнду адной з арганізацый. Эфектны выгляд збудаванне, хутчэй за ўсё, атрымала праз няспраўнасць канструкцыі.
У Радашковіцкім сельсавеце ў пятніцу журналісту Onlíner распавялі, што лакацыя сапраўды карыстаецца папулярнасцю. Але папярэдзілі, што МНС ужо прыбірае абледзяненне.
У Threads паказалі, як цяпер выглядае замерзлая вежа. «Больш за палову ўжо адбілі, але гэта вельмі прыгожа», — напісала дзяўчына і ўдакладніла, што фота зробленыя ўчора ўдзень.