Беларускі бізнесмен аднаўляе сядзібу Радзівілаў пад Мінскам
- 16.02.2026, 3:21
Гістарычны маёнтак у Ігнацічах дзесяцігоддзямі знаходзіўся ў запусценні.
Пэўны час гэты маёнтак у 15 км ад Мінска належаў Радзівілам, пасля перайшоў да шляхецкай дынастыі Ельскіх. Пры іх у Ігнацічах жыццё кіпела: развіваліся сельская гаспадарка і жывёлагадоўля, і нават была закладзена буйная прыдворная кветкавая гаспадарка.
Да нашых дзён тут захаваліся рэдкія для Беларусі віды дрэў. Напрыклад, лістоўніца, якой амаль 200 гадоў, — распавядае СТБ.
Але на пачатку XX стагоддзя маёнтак стаў бесгаспадарчым і паступова разбураўся. Бізнесмен Алег Скробаў узгадвае, як больш за 10 гадоў таму прыехаў сюды ў пошуках памяшкання пад аўтасэрвіс. Але, убачыўшы сапраўдную гістарычную жамчужыну, вырашыў аднавіць сядзібу.

«Яна была ў занядбаным стане. У падвале вады было па калена. Было відаць, што будынак проста запушчаны. Сапраўды стала яго шкада. Хацелася менавіта заняцца аднаўленнем, выратаваць яго».
Абшарпаныя сцены, выбітыя вокны і дзверы, працяклы дах, засмечаныя коміны. Толькі два гады пайшло на тое, каб асушыць затоплены падвал і правесці аварыйныя работы.
Як прызнаецца Алег, за гэтыя гады на аднаўленне пайшлі сотні тысяч рублёў. У асноўным усё робіць уласнымі сіламі. Разам з рабочымі адрамантавалі падлогі, замянілі вокны, уручную ачысцілі драўляныя рамы і дзверы. Паспрабавалі аднавіць карціну таго, як усё было ўладкавана ўнутры сядзібы шмат гадоў таму.

«Калі прыбіралі смецце са старой падлогі, выявілі стары падмурак. Стала зразумела, што гэта быў камін. Мы знайшлі старога печніка, які прыблізна аднавіў яго такім, якім ён быў», — распавядае Скробаў.

Каб хоць неяк адбіць велізарныя ўкладанні, уладальнік сядзібы аднавіў лазню, якая размяшчалася на тэрыторыі Ігнацічаў, зрабіўшы з яе прасторны лазневы комплекс і гасцявы дом.

Тут можна спыніцца і паспрабаваць стравы па старадаўніх рэцэптах. У комплексе прапануюць пазнаёміцца з метадамі парыцця XVI стагоддзя.


