Жыхарка Мастоў набрала крэдытаў па ўказанні махляроў
4- 15.02.2026, 20:16
- 2,134
Яе ўратавала супрацоўніца аднаго з банкаў.
У Мастах супрацоўніца аднаго з банкаў прадухіліла буйное махлярства. Яна заўважыла нешта нядобрае ў паводзінах кліенткі, якая прыйшла па крэдыт у 26 тысяч рублёў, і пераканала яе не аддаваць грошы злачынцам, паведамляе прэс-служба УУС Гродзенскага аблвыканкама.
Гісторыя пачалася з тэлефоннага званка ў Viber. Невядомы прадставіўся 48-гадовай жанчыне супрацоўнікам «Водаканала» і сказаў, што трэба тэрмінова мяняць лічыльнікі, а для афармлення дагавора запатрабаваў ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта.
Адразу пасля гэтага ў мэсэнджары раздаўся другі званок — гэтым разам нібыта з Нацбанка. Суразмоўца заявіў, што махляры аформілі на жанчыну крэдыт, і прапанаваў узяць удзел у «спецаперацыі» па іх затрыманні. Легенда была стандартная: ахвяру пераканалі паехаць у Гродна, набраць крэдытаў у розных банках і пералічыць грошы «куды трэба».
Жанчына паверыла і паспела аформіць некалькі пазык. Потым яна прыйшла ў аддзяленне «Банка Дабрабыт», каб узяць яшчэ адзін крэдыт — на 26 тысяч рублёў.
Менавіта тут удалося перапыніць схему. Супрацоўніца банка звярнула ўвагу на дзіўны стан наведвальніцы.
— Людзей, якія знаходзяцца пад уздзеяннем махляроў, адразу бачна. Мне хутка становіцца зразумела, калі чалавек прыйшоў і відавочна бярэ грошы не для сябе, пры гэтым нібыта глядзіць кудысьці ўдалячынь і зусім не разумее, навошта гэта трэба, — распавяла пазней спецыялістка.
Працаўніца банка пагаварыла з жанчынай і патлумачыла: калі яна возьме грошы і аддасць іх трэцім асобам, то застанецца ні з чым і ў даўгах. Кліентку ўдалося ўразуміць. У выніку перадачу 26 тысяч рублёў прадухілілі, а раней аформленыя крэдыты ўдалося закрыць.
За пільнасць міліцыя абвясціла супрацоўніцы банка падзяку і ўручыла грашовую прэмію.