Le Monde: Расіяне панікуюць з-за Starlink
2- 14.02.2026, 22:06
- 2,090
Атакі акупантаў спыніліся.
Пасля адключэння кампаніяй SpaceX доступу да тэрміналаў Starlink, якімі карысталіся расійскія вайскоўцы, армія РФ скараціла інтэнсіўнасць наступальных дзеянняў, а дакладнасць удараў прыкметна знізілася. Пра гэта паведамляе французскае выданне Le Monde.
Паводле слоў радніка міністра абароны Украіны Сяргея (Флэша) Бескрэстнава, расійскім падраздзяленням давялося прыпыніць атакі на шэрагу ўчасткаў фронту. Генеральны штаб таксама адзначыў спад баявой актыўнасці: 5 лютага было зафіксавана 56 атак супраць 80–110 у папярэднія дні.
Як адзначаюць журналісты, тэхналогіі Starlink, набытыя праз трэція краіны, дазвалялі расійскім вайскоўцам каардынаваць дзеянні ў рэжыме рэальнага часу, абменьвацца дадзенымі, наносіць удары па канкрэтных мэтах і падтрымліваць устойлівую сувязь паміж падраздзяленнямі. Пасля блакавання сувязь паміж камандаваннем і часткамі на перадавой істотна ўскладнілася.
Акрамя таго, Расія, паводле звестак выдання, сутыкнулася з падзеннем дакладнасці удараў. Раней ударныя беспілотнікі, у тым ліку тыпу Shahed, аснашчаліся тэрміналамі Starlink, што дазваляла абыходзіць перашкоды і карэктаваць атакі па рухомых мэтах. Незалежны расійскі эксперт Юрый Фёдараў адзначыў, што менавіта дзякуючы гэтай тэхналогіі аператары атрымлівалі выяву з дрона ў рэальным часе і маглі аператыўна змяняць траекторыю палёту, дасягаючы высокай дакладнасці паражэння.
Аўтары публікацыі таксама звяртаюць увагу на трывожныя настроі ў расійскіх ваенных блогах. Адзін з прапагандыстаў, спасылаючыся на вайскоўцаў, назваў залежнасць ад Starlink «ахілесавай пятой» Крамля. У якасці магчымай альтэрнатывы згадваецца пракладка аптавалаконных ліній сувязі на лініі фронту, аднак гэты варыянт лічыцца больш складаным і затратным.
На думку аўтараў артыкула, паўза ў выкарыстанні Starlink асабліва балючая для Расіі, бо краіна пакуль не змагла стварыць супастаўную па магчымасцях тэхналогію.