Пяць краін Еўропы абвінавацілі ўлады РФ у атручванні Навальнага
3- 14.02.2026, 18:29
- 2,980
Афіцыйная заява.
Вялікабрытанія, Францыя, Германія, Нідэрланды і Швецыя выступілі з сумеснай заявай пра тое, што лабараторныя вынікі даюць падставы сцвярджаць пра смерць крытыка Крамля Аляксея Навальнага у выніку атручвання, за чым з вельмі высокай верагоднасцю стаяць расійскія ўлады.
Як паведамляе «Еўрапейская праўда», заяву апублікавалі ўдзень 14 лютага, у дзень другой гадавіны смерці расійскага палітыка ў калоніі.
Заява ад імя пяці краін узгодненая міністрамі замежных спраў і фактычна наўпрост абвінавачвае ўлады РФ у атручванні Навальнага ў турме.
«Вялікабрытанія, Швецыя, Францыя, Германія і Нідэрланды перакананыя, што Аляксея Навальнага атруцілі смяротным таксінам. Гэта выснова нашых урадаў на падставе аналізу ўзораў з цела Аляксея Навальнага. Даследаванні пераканаўча пацвердзілі прысутнасць эпібатыдзіну», — гаворыцца ў тэксце.
Адзначаецца, што гэты нейратаксін утрымліваецца ў ядзе дрэвалазных жаб, якія жывуць у Паўднёвай Амерыцы, і нідзе не сустракаецца ў прыродзе на тэрыторыі Расіі.
«Расія заявіла, што Навальны памёр па натуральных прычынах. Але з улікам таксічнасці эпібатыдзіну і сімптомаў, пра якія паведамлялася, вельмі верагоднай прычынай яго смерці было атручванне. Навальны памёр, знаходзячыся ў турме, то-бок Расія мела сродкі, матывы і магчымасць уразіць яго гэтым ядам», — гаворыцца ў заяве.
Пяць краін адзначаюць, што Расія ўжо неаднаразова дэманстравала ігнараванне міжнароднага права і Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі — нагадаўшы, што ў жніўні 2020 года яны выступілі з асуджэннем ужывання «Навічка» для атручвання Навальнага, а да таго расійскія агенты ўжылі гэта рэчыва на тэрыторыі Вялікабрытаніі ў Солсберы, у выніку чаго загінула брытанская грамадзянка.
«Апошнія знаходкі яшчэ раз падкрэсліваюць неабходнасць прыцягнуць Расію да адказнасці за паўторныя парушэнні Канвенцыі аб хімічнай зброі, а ў дадзеным выпадку — Канвенцыі аб біялагічнай і таксічнай зброі. Нашы пастаянныя прадстаўнікі ў Арганізацыі па забароне хімічнай зброі сёння пісьмова звярнуліся да генеральнага дырэктара, каб праінфармаваць яго пра гэта парушэнне з боку Расіі. Мы таксама занепакоеныя тым, што Расія не знішчыла ўсю сваю хімічную зброю», — адзначаюць пяць краін.
Яны заявілі, што выкарыстаюць усе наяўныя інструменты, каб прыцягнуць Расію да адказнасці за такія паводзіны.