Новыя ўмовы для «бедалагі» Колі Лукашэнкі
22- Андрэй Карась, «Салідарнасць»
- 14.02.2026, 13:57
- 8,188
На адкрыццё «унікальнай лабараторыі» прыйшла яго маці.
На біялагічным факультэце БДУ, дзе вучыцца малодшы сын кіраўніка, 13 лютага адкрылася «унікальная лабараторыя» структурнай і функцыянальнай біялогіі бялку.
На цырымонію адкрыцця прыйшоў шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў: намеснік старшыні «Усебеларускага народнага сходу» Аляксандр Касінец, галоўная ўрач лечкамісіі і член Савета Рэспублікі Ірына Абельская (яе лічаць маці Мікалая Лукашэнкі), кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Каранік, першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Бахановіч.

Новая лабараторыя — адзіная ў Беларусі «камплексная тэхналагічная пляцоўка для рэалізацыі поўнага цыклу даследаванняў бялку». Яе стварылі для падрыхтоўкі студэнтаў у межах сумеснай эксперыментальнай адукацыйнай праграмы БДУ і Пекінскага ўніверсітэта (Кітай) у галіне біятэхналогій.

Рэктар БДУ Андрэй Кароль адзначыў, што з адкрыццём лабараторыі пачынае працаваць «айчынная біятэхналагічная школа», і гэта было б немагчыма «без непасрэднага ўдзелу» кіраўніка і яго валявога рашэння.
Колькі каштавала стварэнне ўнікальнай лабараторыі, не паведамляецца.
Нагадаем, што ў 2022 годзе Мікалай Лукашэнка паступіў на біялагічны факультэт БДУ для навучання па новай спецыяльнасці «Біятэхналогіі» па кітайскай праграме (прадугледжваецца атрыманне дыпломаў двух універсітэтаў — БДУ і Пекінскага ўніверсітэта). Праз год кіраўнік распавёў, што «бедалага» Коля «пакутуе» ў Пекінскім універсітэце.
Улетку 2025 года на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам рэктар Пекінскага ўніверсітэта Гун Ціхуан заявіў: «Я вельмі рады, што мы запусцілі сумесную праграму навучання па спецыяльнасці «Біятэхналогія». Пасля заканчэння трохгадовай праграмы наступны этап — устанаўленне двухгадовага больш паглыбленага вывучэння біятэхналогій».
Зараз у БДУ працягваецца праект па стварэнні Цэнтра біялогіі.
У цэлым можна канстатаваць, што малодшы сын кіраўніка атрымаў фантастычныя для беларускага студэнта ўмовы для вучобы і навуковых даследаванняў.
Андрэй Карась, «Салідарнасць»