Чаму Масква палохае Лукашэнку «каляровай рэвалюцыяй»
49- 14.02.2026, 21:06
- 39,004
На гэта ёсць дзве прычыны.
Расія падае сігнал, што не дапусціць дэмакратызацыі Беларусі, будзе супрацьстаяць ёй сілай і гатовая змагацца за гэта з Захадам. Такая рэакцыя Масквы — вынік перамоўнага працэсу паміж Мінскам і Вашынгтонам, а таксама спробаў згуртаваць саюз паміж Кіевам і беларускай апазіцыяй. Пра гэта ў сваёй аўтарскай калонцы на сайце «Радыё Свабода» піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
9 лютага Служба знешняй разведкі Расіі (СЗР) выступіла з заявай, у якой папярэдзіла, што Захад чарговы раз рыхтуе «каляровую рэвалюцыю» ў Беларусі. 12 лютага гэтую інфармацыю пацвердзіла і развіла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расіі Марыя Захарава. На чарговым брыфінгу яна абрушылася з крытыкай на Захад, які нібыта імкнецца адарваць Беларусь ад Расіі.
Такім чынам, два расійскія ведамствы (СЗР і МЗС) ужо выступілі з падвоеным папярэджаннем супраць спробаў дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. Гэта наўрад ці можна лічыць выпадковасцю. Крэмль расстаўляе акцэнты і фіксуе сваю пазіцыю.
Нельга сказаць, што гэта прынцыпова новая лінія для Расіі. Але, падаецца, гэта першы выпадак, калі Масква настолькі катэгарычна ўзняла гэтае пытанне на публічным узроўні. Прадстаўніца МЗС Расіі жорстка звязвае дэмакратыю з геапалітыкай. Захарава не хавае факта, што дэмакратычная Беларусь не захоча быць у саюзе з Расіяй:
«Гіпатэтычны дзяржаўны пераварот у рэспубліцы і прыход там да ўлады заходніх агентаў, безумоўна, перакрэсліў бы ўсе дасягненні інтэграцыйнага будаўніцтва нашай з Беларуссю «саюзнай дзяржавы»…».
Таму Крэмль не збіраецца «сядзець склаўшы рукі і назіраць за ўсім гэтым». Галоўны сэнс заявы Марыі Захаравай у тым, што Расія не дапусціць дэмакратызацыі Беларусі і будзе супрацьстаяць ёй сілай.
Другі важны тэзіс Захаравай у перакладзе на зразумелую мову. Калі Захад паспрабуе падтрымаць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, Расійская Федэрацыя гатовая да вайны з заходнімі краінамі, нават з прымяненнем ядзернай зброі. Захарава спасылаецца на міжурадавы Дагавор аб гарантыях бяспекі ў межах «саюзнай дзяржавы», які ўступіў у сілу ў сакавіку 2025 года, а таксама на расійскі дакумент «Асновы дзяржаўнай палітыкі Расійскай Федэрацыі ў сферы ядзернага стрымлівання» ад 19 лістапада 2024 года.
То бок расійскія высновы выглядаюць так: калі хочаш міру, дык згаджайся на дыктатуру, таму што ўсталяванне тут дэмакратыі прывядзе да ваеннага канфлікту.
Натуральна, паўстае пытанне: чаму Масква раптам так узрушылася? Здавалася б, апошнім часам не з’явілася ніякіх падзей ці фактараў, што пагражаюць стабільнасці рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Таму не зусім ясна, адкуль у Крэмля такія апасенні і трывогі адносна Беларусі.
Можна выказаць меркаванне, што Маскву занепакоілі два працэсы. Па-першае, гэта новыя адносіны паміж афіцыйным Мінскам і Вашынгтонам. Пакуль дыялог датычыўся павольнага вызвалення палітвязняў у абмен на змякчэнне санкцый, Расія ставілася да гэтага спакойна. Але працэс супрацоўніцтва пачаў набываць пэўныя, хоць і эфемерныя, але інстытуцыйныя формы (Рада міру), Дональд Трамп запрасіў Лукашэнку ў ЗША. Таму Масква, верагодна, пачала непакоіцца. Пра гэта ўскосна сведчыць наступная заўвага Марыі Захаравай:
«Відавочна, што заходнікі не адмовіліся ад сваіх памкненняў адарваць любымі спосабамі брацкую нам рэспубліку ад Расіі і рыхтуюцца да «рэваншу», відаць, чакаючы зручнага моманту…».
Па-другое, гэта рэакцыя Расіі на змяненне палітыкі Украіны ў адносінах да Беларусі, на спробы саюза паміж Кіевам і беларускай апазіцыяй. Вядома, усё, што робіць Уладзімір Зяленскі, выклікае ў Маскве моцную алергію… Апошнім часам Зяленскі пачаў актыўна звяртацца да Еўропы з заклікам падтрымаць беларускае грамадства ў ягонай барацьбе супраць прарасійскай дыктатуры.
Усё гэта разам выклікала такую бурлівую рэакцыю ў Маскве.
Аднак у Мінску на гэтыя заявы з Масквы адрэагавалі толькі прапагандысты. На афіцыйным узроўні рэакцыя даволі халодная. Урэшце рэшт, не надта зручна выкрываць інтрыгі і падрыўныя дзеянні Захаду ў дачыненні да Расіі ў той час, калі міністр замежных спраў Беларусі рыхтуецца да паездкі ў Вашынгтон.