The Telegraph: У Пуціна ёсць вялікая праблема
1- 13.02.2026, 23:39
- 3,054
Кашчэева іголка Расіі ламаецца.
Расійская нафта прадаецца з беспрэцэдэнтнай зніжкай, што ўсё мацней б'е па фінансавай базе РФ. Але расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін дэманструе гатоўнасць працягваць вайну ва Украіне.
Пра гэта паведамляе The Telegraph.
Сярэдні кошт расійскай Urals у студзені знізіўся прыблізна да 37,5 долара за барэль — амаль на 42% танней за эталонную марку Brent. Такі разрыў стаў вынікам узмацнення санкцый, ускладнення лагістыкі і скарачэння закупак з боку ключавых пакупнікоў, у прыватнасці Індыі.
«Імпарт расійскай сыравой нафты ў Індыю на працягу месяца скараціўся да 1,1 мільёна барэляў у дзень, што з'яўляецца самым нізкім паказчыкам з лістапада 2022 года», — адзначае выданне.
Для расійскага бюджэту гэта крытычна, бо менавіта нафтавыя даходы застаюцца галоўнай крыніцай фінансавання вайны. Дадатковы ўдар нанеслі санкцыі ЗША супраць энергетычных гігантаў «Роснефть» і «Лукойл», а таксама новыя абмежаванні ЕС на марскія перавозкі расійскай сыравой нафты.
«Калі гэта будзе працягвацца, гэта створыць вялікія праблемы для Пуціна, бо ключавой часткай стратэгіі ўтрымання айчыннай эканомікі на плыву з'яўляецца выкарыстанне высокіх даходаў ад экспарту нафты», — растлумачыў выданню Сцефен Дытэль з Altana Wealth.
Пад ціскам абмежаванняў экспарт скарачаецца, а валютныя паступленні змяншаюцца, што узмацняе фінансавае напружанне ў эканоміцы. Паводле ацэнак экспертаў, пастаўкі расійскай нафты ўжо прыкметна знізіліся.
Далейшае падзенне попыту прымушае Маскву прадаваць сыравіну яшчэ танней, каб утрымліваць рынкі збыту. Гэта аслабляе бюджэтныя магчымасці Крамля і ўскладняе фінансаванне вайны.
Нягледзячы на скарачэнне даходаў і рост інфляцыйнага ціску, расійскія ўлады спрабуюць падтрымліваць эканоміку манетарнымі стымуламі. У той жа час аналітыкі лічаць, што нават пагаршэнне эканамічнай сітуацыі пакуль не прымушае Крэмль змяніць стратэгічны курс — вайна застаецца прыярытэтам, нягледзячы на паступовае знясіленне фінансавых рэсурсаў.
Варта адзначыць, што па стане на люты, нягледзячы на вялікія нафтавыя зніжкі, даходы ў бюджэт Расіі ад продажу нафты скараціліся да мінімуму. У прыватнасці, у студзені яны ўпалі да самага нізкага ўзроўню за больш чым пяць гадоў.
З-за гэтага расійская эканоміка ўваходзіць у фазу найглыбейшага крызісу за апошнія 20 гадоў, што можа прымусіць Крэмль перагледзець эканамічную палітыку, сфармаваную яшчэ на пачатку 2000-х.