FT: Рубіё «ў апошнюю хвіліну» прапусціў сустрэчу з еўрапейскімі лідэрамі ў Мюнхене
2- 13.02.2026, 23:26
- 2,308
На сустрэчы абмяркоўвалі вайну РФ ва Украіне.
Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіё прапусціў сустрэчу з еўрапейскімі лідэрамі на палях Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы з-за шчыльнага графіка. Пра гэта паведамляе Financial Times са спасылкай на амерыканскага чыноўніка. На сустрэчы, пра прапуск якой ЗША папярэдзілі «ў апошнюю хвіліну», абмяркоўвалі вайну РФ ва Украіне.
«Дзяржсакратар не будзе ўдзельнічаць у сустрэчы ў берлінскім фармаце па Украіне з-за вялікай колькасці сустрэч, што адбываюцца ў той жа час», — паведаміў суразмоўца выдання. Пры гэтым ён падкрэсліў, што Марка Рубіё задзейнічаны ў пытаннях вайны РФ ва Украіне падчас многіх яго сустрэч на канферэнцыі.
Тым не менш прапуск сустрэчы дзяржсакратаром кіраўнікі еўрапейскіх краін успрынялі як сведчанне «згасання цікавасці Вашынгтона» да пытанняў урэгулявання вайны РФ ва Украіне, адзначаецца ў публікацыі.
Адзін з еўрапейскіх чыноўнікаў назваў адсутнасць Рубіё «вар'яцтвам». Іншы адзначыў недахоп змястоўнасці ў перамовах без амерыканскага прадстаўніка. На сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі Германіі, Польшчы, Фінляндыі, а таксама Еўракамісіі.