Сенатар Грэм: Я хачу прадаставіць Украіне ракеты Tomahawk
3- 13.02.2026, 22:09
- 3,542
Фота: Reuters
Крылатыя ракеты зменяць ваенную раўнавагу.
Сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм заявіў, што хоча паставак з ЗША Украіне крылатых ракет Tomahawk — для таго, каб афіцыйны Кіеў мог біць па дронавай інфраструктуры РФ.
Пра гэта сенатар заявіў 13 лютага, калі выступаў на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы.
«Я хачу прадаставіць Украіне ракеты Tomahawk. Я хачу, каб ЗША паставілі ракеты «Томагавк», каб нанесці ўдар па інфраструктуры, на якую Пуцін разлічвае для вытворчасці дронаў і ўсяго астатняга. Я хачу змяніць ваенную раўнавагу», — сказаў Грэм.
Акрамя таго, сенатар заявіў, што ЗША павінны ўзмацніць ціск на Маскву, каб садзейнічаць мірным перамовам з Украінай.
Таксама Грэм сказаў, што падтрымлівае двухпартыйны пакет санкцый супраць Расіі, які «застрымаўся» ў Кангрэсе. Аднак сенатар перакананы, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у выніку яго падпіша, паведамляе Politico.
«Ён пытаўся ў мяне, напэўна, тройчы: дзе законапраект? Ён перайшоў ад «Я не ведаю пра гэта» да «Так, гэта добрая ідэя», — сцвярджае Грэм.
Як лічыць Politico, Грэм відавочна меў на ўвазе, што ціск Трампа на Еўропу «ў выніку ўмацаваў НАТА», і саюзнікі па Альянсе цяпер павінны ператварыць павелічэнне выдаткаў на абарону ў больш актыўную падтрымку Украіны.
«Урэшце рэшт, у 2028, 2032 або 2040 годзе — калі б ён (прэзідэнт Трамп — рэд.) ні сышоў — у нас будзе мацнейшае НАТА і слабейшая Расія», — сказаў ён.
Грэм лічыць, што саюзнікам ЗША пара перастаць турбавацца з-за нядаўняй спробы прэзідэнта Дональда Трампа узяць пад кантроль Грэнландыю і пачаць больш працаваць над умацаваннем НАТА.
Сенатар таксама прагназуе, што перамовы паміж ЗША, Грэнландыяй і Даніяй адносна будучыні вострава прывядуць да пагаднення аб пашырэнні ваеннай інфраструктуры ЗША ў гэтай скандынаўскай краіне.
«Каму якая справа, каму належыць Грэнландыя. Сутнасць у тым, што Грэнландыя будзе больш умацаваная, таму што Дональд Трамп, як толькі адчуе, што гэта яго брэнд або яго ўнёсак, будзе дзейнічаць па-вялікаму», — падсумаваў Грэм.