Прэзідэнт Фінляндыі: Пуцін ужо пацярпеў стратэгічную паразу ў вайне з Украінай
1- 13.02.2026, 20:27
- 2,134
Дыктатар РФ хацеў зрабіць Украіну рускай — а яна стала еўрапейскай.
Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін пацярпеў стратэгічную паразу і не дасягнуў ніводнай з пастаўленых мэтаў у вайне супраць Украіны.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Фінляндыі Аляксандр Стубб падчас выступлення на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы ў пятніцу, 13 лютага.
«Ён (Пуцін) хацеў зрабіць Украіну рускай — а яна стала еўрапейскай. Ён хацеў прадухіліць пашырэнне НАТА — а атрымаў уступленне Фінляндыі і Швецыі. Ён хацеў зніжэння нашых выдаткаў на абарону — а яны растуць да 5%», — прыводзіць словы Стубба The Guardian.
Прэзідэнт Фінляндыі адзначыў, што Расія прайграе і ў чыста ваенным аспекце. У прыватнасці, ён казаў пра тое, што тэрытарыяльныя дасягненні акупантаў нязначныя, затое Украіна толькі за адзін месяц — снежань 2025 года — ліквідавала 34 тыс. расійскіх салдат, і кампенсаваць гэтыя страты новым прызывам расіяне не змаглі.
У адказ на пытанне ўкраінскага журналіста, як скарыстацца досведам Фінляндыі ў барацьбе з РФ, Стубб сказаў: «Я не буду даваць вам парады, але я думаю, што вы выйграеце гэтую вайну».