Лукашысты вывелі «на кантрольныя заняткі» ракетныя сістэмы «Паланэз-М» і «Іскандэр-М»
8- 13.02.2026, 11:22
- 2,352
Да гэтага прыцягнулі некалькі частак ракетных войскаў.
Разлікі рэактыўных сістэм залпавага агню «Паланэз-М» і аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М» выведзеныя «на кантрольныя заняткі» па кіраванні ракетнымі ўдарамі, паведамляе «Позірк» са спасылкай на прэс-службу Міністэрства абароны.
Адзначаецца, што заняткі праходзяць «на розных участках мясцовасці, у тым ліку на значнай аддаленасці ад пунктаў пастаяннай дыслокацыі».
Начальнік ракетных войскаў і артылерыі Узброеных Сіл — кіраўнік адпаведнага ўпраўлення Генеральнага штаба Узброеных Сіл Руслан Чэхаў заявіў, што да заняткаў прыцягнулі некалькі частак ракетных войскаў. Паводле ягоных слоў, «было шмат перамяшчэнняў», вайскоўцы здзейснілі «марш на вялікія адлегласці — да 300 кіламетраў», пры гэтым адмоваў тэхнікі «не было».
Каментуючы ўжо тую частку заняткаў, што адбылася, ваеначальнік паведаміў, што яна была насычаная «дзеяннямі дыверсійна-разведвальных груп умоўнага праціўніка», праходзіла ва ўмовах «складанай радыёэлектроннай абстаноўкі». У межах гэтай трэніроўкі, паводле яго слоў, адпрацавана «вядзенне баевых дзеянняў ва ўмовах уздзеяння сродкаў беспілотнай авіяцыі праціўніка, у тым ліку FPV-дронаў».
Баявыя пускі ажыццяўляліся ўдзень, уначы, у складаных пагодных умовах, адзначыў Чэхаў.
Расійскі комплекс «Іскандэр-М», што стаіць на ўзбраенні Беларусі, можа аснашчацца як звычайнымі, так і ядзернымі баявымі часткамі.