У Белгарадскай вобласці РФ больш за 220 тысяч жыхароў засталіся без святла
4- 12.02.2026, 22:21
- 1,416
На адной з падстанцый адбылася аварыя.
У Белгарадскай вобласці больш за 220 тысяч чалавек засталіся без электразабеспячэння пасля аварыі на адной з падстанцый. Пра гэта паведаміў губернатар Вячаслаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале. Паводле яго слоў, адключэнне закранула Белгарад, Белгарадскі і Шэбекінскі акругі. «З-за нанесенага ворагам агнявога ўздзеяння адбываюцца веерныя адключэнні электраэнергіі. У дадзены момант на адной з падстанцый адбылася аварыя», — напісаў ён, удакладніўшы, што аднаўленчыя працы зоймуць не менш за чатыры гадзіны.
Напярэдадні вечарам, 11 лютага, Белгарадская вобласць двойчы падверглася паветраным ударам. Былі пашкоджаныя аб’екты крытычнай інфраструктуры, у некалькіх муніцыпалітэтах адключалі электрычнасць і водазабеспячэнне. Раней, 3 лютага, ракетны ўдар па падстанцыях «Фрунзенская» і «Белгарад» прывёў да масавых адключэнняў электрычнасці і цяпла. 6 і 7 лютага абласны цэнтр зноў пацярпеў ад атак: без святла і цяпла тады засталіся 80 тысяч чалавек, без вады — 100 тысяч.
Крытычная сітуацыя прымусіла ўлады пачаць эвакуацыю. Губернатар Гладкоў 8 лютага паведаміў, што аднаўленчыя працы «не прыводзяць да доўгачаканага выніку». У сувязі з пахаладаннем у 455 шматкватэрных дамах, школах, дзіцячых садках і паліклініках давялося зліць ваду з сістэм ацяплення. Адміністрацыя Белгарада адкрыла прыём заявак на выезд шматдзетных сем’яў, сем’яў з дзецьмі-інвалідамі і адзінокіх пенсіянераў у іншыя рэгіёны. 12 пунктаў абагрэву былі пераведзены на кругласутачны рэжым.
Гладкоў запэўніў, што плата за непастаўленыя рэсурсы спаганяцца не будзе, але папярэдзіў: «доўгі перыяд» аднаўлення непазбежны з-за «вялікага агнявога ўздзеяння» на аб’екты энергетыкі. «На жаль, чарговы надзвычай складаны перыяд часу нам з вамі давядзецца перажыць», — канстатаваў губернатар.
ЗСУ атакуюць энергааб’екты ў Белгарадскай вобласці ў адказ на масіраваныя расійскія абстрэлы энергетычнай інфраструктуры Украіны. Удары наносяцца па белгарадскіх ЦЭЦ і электрападстанцыях.