Генеральны дырэктар гомельскага прадпрыемства разам з саўдзельнікам прысвоіў $500 тысяч
13- 12.02.2026, 12:31
- 4,614
Грошы трацілі на асабістыя патрэбы.
Гомельская міліцыя разам з Камітэтам дзяржаўнага кантролю выявілі схему крадзяжу грашовых сродкаў на дзяржаўным прадпрыемстве лёгкай прамысловасці рэгіёна, паведаміла МУС 12 лютага. Заяўляецца, што 51-гадовы генеральны дырэктар у змове з 46-гадовым кіраўніком камерцыйнай структуры арганізаваў фіктыўную пастаўку сыравіны на адрас сваёй арганізацыі.
Паводле інфармацыі МУС, праз схему правядзення працэдур закупак камплектуючых менш чым за тры гады саўдзельнікі прысвоілі каля 1,4 мільёна рублёў (амаль 500 тыс. долараў). Грошы трацілі на асабістыя патрэбы: куплю дарагіх аўтамабіляў, абсталявання, добраўпарадкаванне і будаўніцтва прыватных дамоў.

Узбуджана крымінальная справа за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі. Фігуранты арыштаваныя, ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Іншыя падрабязнасці не паведамляюцца, але на кадрах — абутковае прадпрыемства, дагавор на пастаўку накладак з успененай гумы, падэшва з фірмовым лагатыпам.

Як высветліў «Флагшток», гаворка, хутчэй за ўсё, пра прадпрыемства канцэрна «Беллегпрам» — ААТ «Труд», якое размешчана ў цэнтры Гомеля і займаецца вытворчасцю спецабутку, спецадзення і сродкаў індывідуальнай абароны.

Лагатып менавіта гэтай фабрыкі паказаны ў відэа МУС. На званок «Флагштока» на прадпрыемстве адказалі, што генеральны дырэктар Віктар Півавараў нібыта знаходзіцца ў адпачынку і звязацца з ім пакуль ніяк нельга.