12 лютага 2026, Чацвер, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка баіцца апынуцца ў суседняй камеры з Мадурам

15
Лукашэнка баіцца апынуцца ў суседняй камеры з Мадурам

Новая версія старога анекдота.

Аляксандр Лукашэнка не зможа ўзяць удзел у пасяджэнні «Савета міру» (якое ж ліха). І вось чаму (смех ды і толькі).

Кароткае змесціва папярэдніх серый:

16 студзеня Дональд Трамп падпісаў Статут «Савета міру» (дэ-факта асабістага клуба, у які ўваходзяць кіраўнікі некаторых дзяржаў, часта з даволі неадназначнай, каб не сказаць болей, рэпутацыяй).

20 студзеня Аляксандр Лукашэнка далучыўся да гэтай тусоўкі.

Першае пасяджэнне «Савета міру», паводле паведамленняў шэрагу медыя і палітыкаў, прызначана на 19 лютага ў Вашынгтоне. Але афіцыйна пра гэта дагэтуль не абвешчана — хоць да названай даты застаўся тыдзень.

Верагодна, сам Трамп не ўпэўнены, што будзе даваць прэм'еру ў гэты дзень: улічваючы адмову шэрагу кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў удзельнічаць у «Савеце», ёсць рызыка апынуцца ў маргінальнай кампаніі і праваліцца са страшным трэскам.

Але Наталля Эйсмант, якая выступае ў ролі глашатая Аляксандра Лукашэнкі, ужо абвясціла, што яе шэф у Амерыку не паляціць. Пры гэтым былі згаданыя «лагістычныя складанасці», выкліканыя санкцыямі Еўрасаюза.

Мікола Бугай заўважыў, што, паколькі радыус палёту ў «Боінга» Лукашэнкі дазваляе адправіцца ў Вашынгтон праз Арктыку, то закрыццё паветранай прасторы ЕС тут ні пры чым. Калумніст бачыць прычыну ў іншым: «Васал не можа сабе дазволіць быць там, дзе не будзе гаспадара».

Цалкам працоўная версія. Крэмль, дарэчы, заявіў, што Расія наогул не будзе прадстаўленая на першым пасяджэнні. А кіраўнік Беларусі пасылае туды міністра замежных спраў.

Але самае забаўнае — у тым, як Эйсмант сфармулявала асноўную прычыну адмовы Лукашэнкі ад найрэдкай магчымасці наведаць Вашынгтон:

«На жаль, мы яго (запрашэнне — С.) атрымалі позна, працоўны графік на гэты перыяд ужо быў спланаваны. Так, мы з задавальненнем наведалі б Злучаныя Штаты Амерыкі, але ёсць пытанні, якія немагчыма адкласці».

Гэта літаральна рэмейк анекдота канца мінулага стагоддзя:

«З Галівуда тэлефануюць малавядомаму маскоўскаму акцёру і запрашаюць на здымкі ў новым блокбастары Стывена Спілберга:

— Роля, праўда, не галоўная, але на перыяд здымак у вас будзе выдатная віла, аўтамабіль і ганарар пяць тысяч долараў у дзень.

— Вядома, вядома, я згодны! Калі здымкі? — кажа акцёр.

— У снежні.

— Не! Не магу. У мяне ў снежні — ёлкі!»

Будзе вельмі цікава паназіраць за тым, якімі такімі «неадкладнымі справамі» зоймецца Лукашэнка ў перыяд з 17 па 21 лютага. Сустрэчай з чарговым расійскім губернатарам? Інспекцыяй кароўнікаў у Гомельскай вобласці? Нарадай на тэму, як удасканаліць тое, што перад гэтым развалілі?

Не адмаўляючы як магчымыя прычыны ні залежнасць ад Крэмля, ні фінансавы аспект (могуць папрасіць скінуцца на Газу), дадам у агульную скарбонку яшчэ адну версію.

Аляксандр Лукашэнка проста баіцца апынуцца ў суседняй камеры з Нікаласам Мадурам.

Такі сцэнар, мякка кажучы, не выглядае рэалістычным. Але пытанне не ў тым, наколькі верагоднае такое развіццё падзей насамрэч. У страху вочы вялікія, і нават 1% (а маючы справу з Трампам, нешта цалкам выключыць складана) здольны прымусіць Лукашэнку адмовіцца ад такой спакуслівай прапановы.

Гэта не больш чым здагадка, якая ў ўдумлівага чытача можа выклікаць саркастычную ўсмешку. Аднак афіцыйная версія — і ўвогуле курам на смех.

Васіль Верас, «Салідарнасць»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках