Смеццевы калапс накрыў расійскі Томск
12- 10.02.2026, 19:22
- 2,598
З-за даўгоў перад бюджэтам.
У адным з найбуйнейшых гарадоў Заходняй Сібіры — Томску, дзе пражываюць амаль 545 тысяч чалавек, узніклі праблемы з вывазам смецця на фоне пагаршэння сітуацыі ў абласным бюджэце, які атрымаў амаль 18,5 млрд расійскіх рублёў дэфіцыту за мінулы год.
У каментарыях у мэра Дзмітрыя Махіні і губернатара Уладзіміра Мазура ужо больш за месяц рэгулярна з’яўляюцца скаргі на перапоўненыя пляцоўкі з кантэйнерамі. «Бруд, пацукі, груды не вывезенага смецця», «Усё завалена пакетамі», «Тыднямі смецце не вывозяць», — пішуць тамічане і паказваюць фатаграфіі калапсу, звярнуў увагу канал «Говорит НеМосква».
У мэрыі паведамілі, што прыналежная гораду «Томская рэгіянальная экалагічная кампанія» («ТРЭК», былае УМП «Спецаўтагаспадарка»), якая займаецца вывазам смецця, з 2023 года мае запазычанасць перад федэральным бюджэтам больш за 12 млн рублёў па плацяжах за негатыўнае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе. З-за гэтага судовыя прыставы арыштавалі ў яе тры смеццявозы, бо не знайшлі грошай на рахунках. Калі запазычанасць не будзе пагашана ў найбліжэйшы час, тэхніку выставяць на таргі.
Намеснік мэра Мікалай Глебовіч заявіў, што «ТРЭК» не можа разлічыцца, бо падрадчык, на якога яна працуе, сам завінаваціў ёй за паслугу па вывазе смецця. Цяпер ідзе судовы разгляд аб спагнанні гэтых сродкаў. «Пакуль не будуць пагашаны даўгі перад „ТРЭКам“, у арганізацыі няма грошай на пагашэнне падатковых плацяжоў», — падкрэсліў чыноўнік.
Ён таксама адзначыў, што ўлады прапаноўвалі арыштаваць маёмасць «ТРЭК», «выманне якой не перашкодзіла б гаспадарчай дзейнасці», аднак судовыя прыставы аддалі перавагу іншаму шляху, і цяпер мэрыя шукае варыянты, «якім чынам вывозіць смецце».
Мінулым годам бюджэт Томскай вобласці выканалі з дэфіцытам амаль 18,5 млрд рублёў, што ўдвая перавысіла план (8,9 млрд). Гэта 14,8% ад усіх выдаткаў (каля 125 млрд). У структуры даходаў, якія склалі амаль 106,4 млрд рублёў, моцна праселі падаткі на прыбытак арганізацый — бюджэт атрымаў толькі 58,8% ад плана, або 14,7 млрд рублёў. З дакладу дэпартамента фінансаў рэгіёна вынікала, што ў асноўным дэфіцыт пакрываўся за кошт сродкаў, атрыманых ад аблігацый і крэдытаў.