Паўднёвакарэйская біржа выпадкова раздала біткойны на $40 мільярдаў
2- 10.02.2026, 16:40
- 3,878
Гэтая памылка ўвойдзе ў гісторыю.
Паўднёвакарэйская крыптабіржа Bithumb апынулася ў цэнтры скандалу пасля катастрафічнай памылкі падчас раздачы прызоў. Звычайна прызавы фонд акцыі складаў 620 000 карэйскіх вонаў (каля $425). Аднак адзін з супрацоўнікаў памыліўся пры ўводзе дадзеных — замест звычайнай сумы карыстальнікі атрымалі 620 000 біткойнаў, ацэненых на момант памылкі больш чым у $40 млрд, піша The Wall Street Journal (пераклад — сайт Charter97.org).
Адзін з удзельнікаў, якому мелася дастацца ўсяго 2 000 вонаў (кубак кавы), на кароткі час апынуўся ўладальнікам больш як $120 млн у біткойнах. Масавыя спробы зняць або прадаць крыптавалюту выклікалі падзенне рынку на 17% прыкладна за 30 хвілін, пасля чаго біржа прыпыніла аперацыі. Страты інвестараў склалі каля $685 000.
Bithumb заявіла, што больш за 99% выпадкова раздадзеных біткойнаў былі вярнутыя карыстальнікамі. Тым не менш лёс каля 100 біткойнаў, прададзеных за гэты час (прыкладна $9 млн), пакуль невядомы, і біржа спрабуе вярнуць сродкі.
Кампанія прапанавала пакрыць страты пацярпелых і знізіла гандлёвыя камісіі на ўсе актывы. Таксама Bithumb плануе стварыць пастаянны «Фонд абароны кліентаў» на $70 млн, каб прадухіліць падобныя інцыдэнты ў будучыні.
Дзяржорганы завялі справу, якая можа прывесці да штрафаў або іншых мер уздзеяння. Па ацэнках экспертаў, збой адбыўся з-за слабасці ІТ-сістэмы і адсутнасці надзейнага кантролю — біржа здолела раздаць больш біткойнаў, чым мела ў запасе (каля 50 000).
Праблемы такога маштабу рэдкія: у 2009 годзе супрацоўнік з Уэльса страціў 7 500 біткойнаў пасля страты цвёрдага дыска, а ў 2021 годзе крыптакрэдытар BlockFi па памылцы раздаў сотні біткойнаў, пазней вярнуўшы большасць сродкаў.