Пры пажары ў Слуцку загінуў мастак-авангардыст Уладзімір Акулоў
1- 10.02.2026, 15:19
- 3,062
Фота: slutsktv / Instagram
Назвалі прычыну трагедыі.
Пры пажары ў Слуцку 10 лютага загінуў беларускі мастак-авангардыст Уладзімір Акулоў.
Інцыдэнт адбыўся раніцай у аўторак у шматкватэрным жылым доме. Ратавальнікі ліквідавалі пажар. На падлозе каля канапы знайшлі мужчыну, піша інфармацыйны партал Слуцка SlutskGorod. Яго вынеслі на свежае паветра і перадалі медыкам. Аднак выратаваць яго не ўдалося, і ў 6:38 брыгада хуткай медыцынскай дапамогі канстатавала смерць мужчыны.
Паводле папярэдняй версіі, прычынай трагедыі магла стаць неасцярожнасць пры курэнні.
Ратавальнікі не назвалі імя гаспадара, але па інтэр’еры кватэры стала вядома, што загінуў вядомы мастак-авангардыст Уладзімір Акулоў. Гэтую інфармацыю, як заўважыла «Еўрарадыё», пацвярджае ягоны акаўнт у Instagram.
Уладзімір Акулоў нарадзіўся ў 1954 годзе ў Баранавічах, але большая частка яго жыцця звязаная са Слуцкам. Ён прадстаўнік другой хвалі беларускага авангарда 1980-х. Творы Акулова захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў, іншых беларускіх музеяў, а таксама ў многіх прыватных калекцыях па ўсім свеце.
Па фатаграфіях з кватэры можна заўважыць, што большасць твораў Уладзіміра Акулова падчас пажару не згарэла.