Германія тэрмінова закупляе ўдарныя дроны са штучным інтэлектам
2- 10.02.2026, 14:49
- 1,610
Агульны кошт закупкі ацэньваецца ў 536 млн еўра.
Мінабароны Германіі плануе ў паскораным парадку набыць для Бундэсвера некалькі тысяч дронаў-камікадзэ ад двух нямецкіх кампаній. Агульны кошт закупкі ацэньваецца ў 536 млн еўра.
Пра гэта паведамляе Der Spiegel.
Як паведамляе Der Spiegel, ведамства плануе выдаткаваць больш за паўмільярда еўра на закупку беспілотнікаў, здольных паражаць мэты з выкарыстаннем тэхналогій штучнага інтэлекту. Ідзе гаворка пра барражуючыя боепрыпасы — ударныя дроны-камікадзэ, якія павінны паставіць нямецкія стартапы Helsing і Stark Defence.
Неабходныя дакументы ўжо пададзены на разгляд Бундэстага, паколькі абаронныя кантракты коштам больш за 25 млн еўра падлягаюць абавязковаму зацвярджэнню бюджэтным камітэтам парламента.
Асноўным атрымальнікам новых дронаў стане 45-я танкавая брыгада Бундэсвера, якую цяпер фарміруюць у Літве на ўсходнім флангу НАТА. Чакаецца, што прымяненне такіх сістэм істотна ўзмоцніць баявыя магчымасці падраздзялення і стане фактарам стрымлівання магчымай агрэсіі з боку Расіі.
Што вядома пра новыя дроны
Сярод узораў, запланаваных да закупкі, — дрон Virtus ад Stark Defence, які выконвае вертыкальны ўзлёт без катапульты, можа несці баявую частку масай да 5 кг і, паводле вынікаў тэстаў, здольны прабіваць больш за 80 см браняванай сталі.
Іншая мадэль — HX-2 кампаніі Helsing — меншая па памерах, запускаецца з катапульты і ўжо праходзіла выпрабаванні ва Украіне з улікам рэальнага баявога досведу. Абодва тыпы дронаў абсталяваныя сістэмамі навядзення на аснове штучнага інтэлекту і могуць працаваць ва ўмовах РЭБ.
Выданне адзначае, што для Мінабароны Германіі такая хуткасць закупак нетыповая: першыя пастаўкі плануюць пачаць ужо да канца 2026 года. Новыя кантракты таксама прадугледжваюць бесперапыннае тэхнічнае абнаўленне дронаў у працэсе іх эксплуатацыі.