AP: Еўразвяз і ЗША заціснулі ў ціскі кашалёк Крамля
- 10.02.2026, 14:06
- 2,726
Даходы Расіі абваліліся да мінімуму.
Даходы Расіі ад экспарту нафты і газу ўпалі да самага нізкага ўзроўню з пачатку вайны супраць Украіны. На фінансы Крамля адначасова ціснуць новыя санкцыі ЗША і Еўрапейскага саюза, падзенне попыту з боку Індыі і ўзмацненне барацьбы з «ценявым флотам».
Выданне Associated Press піша, што падзенне даходаў прымушае Уладзіміра Пуціна пазычаць у расійскіх банкаў і павышаць падаткі, каб утрымліваць дзяржаўныя фінансы ў раўнавазе. Аднак гэтыя меры толькі ўзмацняюць напружанне ў эканоміцы, якая і без таго буксуе праз вайну, устойлівую інфляцыю і дэфіцыт працоўнай сілы.
У студзені даходы расійскага бюджэту ад нафтагазавых падаткаў абваліліся да 393 млрд рублёў (5,1 млрд дол.), што амаль у тры разы меней, чым у студзені мінулага года. Эксперт па расійскай эканоміцы Нямецкага інстытута міжнародных адносін і бяспекі Яніс Клюге адзначае, што гэта самы нізкі паказчык з часоў пандэміі COVID-19.
Індыя скарачае закупкі
ЗША знізілі для Індыі імпартныя пошліны ў абмен на скарачэнне закупак расійскай нафты. Дэлі афіцыйна не каментуе, але лічбы паказальныя. Паводле даных Кіеўскай школы эканомікі і Адміністрацыі энергетычнай інфармацыі ЗША, пастаўкі расійскай нафты ў Індыю за апошнія тыдні скараціліся з 2 млн барэляў у дзень у кастрычніку да 1,3 млн у дзень у снежні.
Аднак аналітычная кампанія Kpler адзначае, што «Індыя наўрад ці цалкам адмовіцца ад таннай расійскай энергіі ў бліжэйшай будучыні».
Санкцыі супраць «ценявага» флоту
Паралельна саюзнікі Украіны масава ўводзяць санкцыі супраць асобных «ценявых» танкераў, якія перавозяць расійскую нафту, каб адбіць у кліентаў жаданне купляць іх нафту. Такім чынам, пад санкцыямі ўжо каля 640 суднаў.
З-за рызык пакупнікі патрабуюць большых зніжак на «чорнае золата» з РФ. У снежні расійская Urals апусцілася ніжэй за 38 долараў за барэль, тады як Brent каштаваў больш за 62 долары. Розніца ў 25 долараў — сур'ёзная страта для бюджэту РФ.
Санкцыі таксама прывялі да таго, што ў танкерах у моры назапасілася лішняя колькасць нафты — каля 125 млн барэляў. З-за гэтага цэны на фрахт танкераў узляцелі да 125 тыс. дол. у дзень.
Эканоміка спыняецца
Да ўсіх гэтых праблем дадаецца і тое, што эканамічны рост у Расіі фактычна спыніўся. Эфект ад ваенных выдаткаў вычарпаўся, а дэфіцыт працоўнай сілы стрымлівае магчымасці бізнесу пашырацца.
У трэцім квартале ВУП вырас усяго на 0,1%, а прагнозы на год цяпер вагаюцца ў межах 0,6–0,9%. Тады як у 2023–2024 гадах рост перавышаў 4%.
«Думаю, што Крэмль занепакоены агульным балансам бюджэту, бо гэта супадае з эканамічным спадам. І ў той жа час выдаткі на вайну не змяншаюцца», — адзначыў Клюге.
Чым гэта пагражае Расіі
Каб закрыць дзіркі ў бюджэце, выкліканыя падзеннем нафтавых даходаў і запаволеннем эканомікі, Крэмль узяўся павышаць падаткі і актыўней пазычаць грошы. Дзярждума падняла ПДВ з 20% да 22%, а таксама павялічыла пошліны на імпарт аўтамабіляў, цыгарэт і алкаголю. Паралельна ўрад павялічыў запазычанні ў лаяльных расійскіх банкаў. Але Фонд нацыянальнага дабрабыту ўсё яшчэ мае рэзервы для латання бюджэтных дзірак.
Агенцтва адзначае, што сродкі ў Крамля пакуль ёсць. Але павышэнне падаткаў яшчэ мацней тармозіць эканоміку, а рост запазычанняў рызыкуе пагоршыць інфляцыю, якую ўдалося знізіць да 5,6% дзякуючы працэнтным стаўкам Цэнтрабанка на ўзроўні 16%, у параўнанні з пікавым паказчыкам у 21%.
«Дайце гэтаму шэсць месяцаў або год — і гэта можа паўплываць на падыход Крамля да вайны. Не думаю, што з-за гэтага Расія будзе шукаць мір, але яны могуць захцець знізіць інтэнсіўнасць баявых дзеянняў, засяродзіцца на пэўных участках фронту і запаволіць вайну. Такая можа быць рэакцыя, калі вайна стане занадта дарагой», — падсумаваў Клюге.