У Мінску мужчына знайшоў 72 тысячы рублёў каля падвала
9- 10.02.2026, 11:17
- 6,876
Такую буйную суму грошай туды прынёс школьнік.
У міліцыі Мінска расказалі, як 57-гадовы жыхар Асіповічаў знайшоў каля падвала ў сталіцы 72,2 тыс. рублёў. Такую буйную суму грошай туды прынёс школьнік.
У Фрунзенскае РУУС сталіцы звярнулася сям'я 12-гадовага хлопчыка: ён вынес з дому бацькоўскія грошы, якія яны збіралі на кватэру. Сямікласнік папаўся на вуду тэлефонных махляроў.
Яны пераканалі яго, што не могуць дазваніцца да бацькоў, і папрасілі школьніка назваць код з СМС. Пасля пайшлі запалохванні — так хлопчык і вынес на вуліцу $22 тыс. (63,2 тыс. рублёў паводле курсу Нацбанка на 10 лютага) і 9 тыс. BYN. Хлопчык паклаў грошы ў пакет і пакінуў на снезе каля ўваходу ў падвал.
Жыхара Асіповічаў таксама падманулі махляры. Яму яны ўнушылі, што нейкія злачынцы аформілі на імя мужчыны крэдыты, — і жыхар райцэнтра ўзяў тры люстраныя пазыкі на 40 тыс. рублёў.
Паводле праваахоўнікаў, супрацоўнікі банка неаднаразова папярэджвалі мужчыну пра махлярства, але той сказаў, што яму патрэбныя грошы для будаўніцтва.
Стаўшы кур'ерам махляроў, жыхар Асіповічаў прыехаў у Мінск і забраў грошы ў трох мінчан, у тым ліку тыя каля падвала. Усе наяўныя ён перадаў іншаму кур'еру махляроў, расказалі ў сталічнай міліцыі.
Праваахоўнікі ўзбудзілі крымінальныя справы.