Папа Рымскі адправіў ва Украіну «зімовую дапамогу»
1- 10.02.2026, 9:32
- 1,444
У Кіеў і Фастаў прыбылі грузавікі з лекамі, ежай і генератарамі.
Папа Рымскі Леў XIV выказаў салідарнасць з Украінай на фоне марознай зімы і наступстваў вайны, арганізаваўшы перадачу гуманітарнай дапамогі. Ідзе гаворка пра генератары, лекі і прадукты харчавання.
Пра гэта паведамляе Vatican News.
Па ініцыятыве пантыфіка ва Украіну былі накіраваныя тры грузавікі з 80 электрагенератарамі, якія ўжо прыбылі на месца. Лічыцца, што дапамога павінна падтрымаць насельніцтва ва ўмовах моцных маразоў і пашкоджанай энергетычнай інфраструктуры.
Генератары прызначаныя для пунктаў абагрэву і сховішчаў, дзе людзі вымушаныя знаходзіцца праз перабоі з электразабеспячэннем. Паводле звестак Ватыкана, ва Украіне ў гэты перыяд фіксаваліся начныя маразы да –15 градусаў, а ўдзень тэмпература зніжалася да –10... –12 градусаў. Дзякуючы генератарам у такіх месцах таксама змогуць арганізоўваць прыгатаванне гарачай ежы.
Разам з генератарамі ва Украіну даставілі тысячы адзінак лекаў, у тым ліку антыбіётыкі, супрацьзапаленчыя прэпараты, харчовыя дабаўкі і мелатанін, які дапамагае людзям, што знаходзяцца ў пастаянным стрэсе і трывозе, палепшыць сон.
Гуманітарны груз адправіўся з Базілікі святой Сафіі ў Рыме, якая з’яўляецца духоўным цэнтрам украінцаў у Італіі, і быў дастаўлены, у тым ліку ў Кіеў і Фастаў, у раёны, што пацярпелі ад значных разбурэнняў у выніку нядаўніх атак.
Падрыхтоўваецца яшчэ адзін грузавік з лекамі і прадуктамі харчавання. Пасля прыбыцця дапамога будзе размеркаваная праз сетку прыходаў у розных дыяцэзіях Украіны.