У Балгарыі выявілі сакрэтны аб’ект, звязаны з ПВК «Вагнер»
5- 10.02.2026, 8:33
- 6,688
У горнай мясцовасці побач з вёскай Кладніца.
У Балгарыі актывісты заявілі аб магчымым выяўленні аб’екта, звязанага з расійскай ПВК «Вагнер», у горнай мясцовасці побач з вёскай Кладніца ў Пэрнікскай вобласці.
Пра гэта паведаміў кіраўнік грамадзянскага аб’яднання БОЭК Георгі Георгіеў падчас прамога эфіру ў сацыяльных сетках, піша Novinite.
Паводле яго слоў, група актывістаў натрапіла на невялікі будынак, які, на іх думку, можа выкарыстоўвацца для тэрарыстычнай дзейнасці. Тэрыторыя нібыта знаходзілася пад узмоцненай аховай, ля ўваходу дзяжурылі людзі з сабакамі, а доступ быў строга абмежаваны.
Георгіеў заявіў, што прысутныя былі апранутыя ў вопратку з сімволікай «Вагнера», а на самім будынку былі размешчаныя расійскі сцяг і эмблема баевікоў. Ён падкрэсліў, што гаворка пра арганізацыю, якая знаходзіцца пад кантролем расійскіх спецслужбаў і прызнаная тэрарыстычнай у шэрагу краін.
У БОЭК паведамілі, што адразу накіравалі афіцыйнае паведамленне ў Міністэрства ўнутраных спраў Балгарыі аб прысутнасці ўзброеных асоб і забароненай сімволікі.
На думку актывістаў, сярод аховы маглі быць дзейныя або былыя супрацоўнікі спецслужбаў, што, як лічаць у аб’яднанні, можа тлумачыць адсутнасць неадкладнай рэакцыі з боку ўладаў.
Георгіеў таксама раскрытыкаваў праваахоўныя органы за бяздзеянне, нагадаўшы пра папярэднія выпадкі, калі папярэджанні актывістаў заставаліся без наступстваў. Ён выказаў занепакоенасць, што і гэтым разам сітуацыя можа быць праігнараваная.