15 лютага 2026, Нядзеля, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Латышонак: Людзі цікавіліся Беларуссю, прыязджалі на Падляшша вывучаць беларускую мову

Алег Латышонак: Людзі цікавіліся Беларуссю, прыязджалі на Падляшша вывучаць беларускую мову
Алег Латышонак
Фота: Настасся Уткіна/MOST

Як у 1993 годзе Беларускае гістарычнае таварыства з сядзібай у Беластоку заснавала сваё друкаванае выданне.

У 1993 годзе Беларускае гістарычнае таварыства з сядзібай у Беластоку заснавала сваё друкаванае выданне – «Беларускі гістарычны зборнік». Першыя чатыры нумары адрэдагаваў Юрка Каліна, рэдактар наступных нумароў – Яўген Мірановіч. Часопіс публікуе навуковыя артыкулы, агляды, рэфераты, біяграфічныя і архіўныя матэрыялы, рэцэнзіі.

Ад самых першых нумароў друкуецца ў гэтым выданні прафесар Алег Латышонак, які распавёў «Радыё Рацыя» пра гэты гістарычны перыёдык.

– На Беласточчыне выходзіць унікальнае выданне – «Беларускі гістарычны зборнік». Якая гісторыя гэтага перыёдыка? Калі гэтае выданне паўстала?

– Гэта быў год 1993-ці. Мы тады стварылі Беларускае гістарычнае таварыства і падумалі, што трэба займець свой часопіс. І тады мы рашылі, кажу мы – гэта браты Мірановічы, Яўген і Антон, Антон Мірановіч стаў першым старшынём гэтага таварыства. Першым рэдактарам стаў Юры Каліна. Па-польску назвалі гэтае выданне Białoruskie Zeszyty Historyczne таму, што на Захадзе выходзілі па-польску Zeszyty Historyczne, і мы за ўзор узялі назву ад даўняй польскай апазіцыі, эміграцыі. А па-беларуску назвалі «Беларускі гістарычны зборнік».

У першым нумары была выключна наша творчасць, заснавальнікаў. Тады былі хлопцы, цяпер ужо сталыя мужчыны. Але тады заканчвалі гістарычныя студыі і абаранялі магістэрскія працы. Таму перадусім мы гэты часопіс стварылі для нас, беластоцкіх, абсалютна не для гісторыкаў з Беларусі, і менавіта публікавалі свае гістарычныя працы. Вельмі добрыя былі некалькі магістэрскіх прац. Помню Юркі Каліны, Яўгена Вапы, таксама Аляксандра Карпюка. Вельмі добрыя працы. І часопіс быў прызначаны для таго, каб займацца справамі беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы. Гэта не толькі на Беласточчыне, але шырэй таксама, міжваенны перыяд, калі гэтая меншасць была намнога большая, бо Заходняя Беларусь да Польшчы належала. І толькі з часам…

– І толькі з часам вы пачалі запрашаць аўтараў з самой Беларусі?

– Так. Гэта быў вынік таго, што мы пачалі сябраваць са шматлікімі гісторыкамі з Гародні і з Менску. А пасля гэта пашырылася на ўсю Беларусь. Моцную групу сяброў мелі таксама і ў Гомелі, і ў Магілёве. Трэба сказаць, спярша пачалі запрашаць на канферэнцыі. А калі ўжо прыехалі на канферэнцыю, то вядома прыехалі з тэкстамі і гэтыя тэксты мы пачалі друкаваць. І так гэта функцыянавала даволі доўга, ажно пакуль не пачаўся перыяд пераследу апазіцыі ў Беларусі, асабліва гісторыкаў, у тым ліку амаль усіх нашых сяброў з Беларускага гістарычнага таварыства ў Беларусі. Усё болей было эмігрантаў. І мы тады перафарматавалі ў нейкім сэнсе гэты часопіс і сталі вельмі многа друкаваць менавіта аўтараў з Беларусі.

– Але я заўважаў, што ў вашым выданні вы друкавалі даследчыкаў не толькі з Беларусі, з Польшчы. Але і з іншых краін, бо апошнім часам беларускія гісторыкі, можна сказаць, раз’ехаліся па ўсім свеце, яны жывуць і ў Нямеччыне, і ў Францыі, і ў Даніі, і ў Злучаных Штатах Амерыкі.

– Так, але мала. Няма ў нас якіхсьці шырокіх кантактаў. Часта бывала, што людзі цікавіліся Беларуссю, прыязджалі ў Беласток, на Падляшша вывучаць беларускую мову, для іх была такая першая ступень, каб потым ехаць у Беларусь. Маем трохі сяброў за мяжой, але я не сказаў бы, што маем тут чым хваліцца. Гэта ўсё-такі часопіс беларускі, і мы ніколі не шукалі нейкага выхаду на шырэйшы, скажам, на еўрапейскі абсяг. Дарэчы, трэба было б і па-англійску выдаваць. Я пра гэта думаў. Але гэта нам не пад сілу.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках