15 лютага 2026, Нядзеля, 2:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўрапейскія эксперты назвалі Трампа разбуральнікам сусветнага парадку

13
Еўрапейскія эксперты назвалі Трампа разбуральнікам сусветнага парадку
Дональд Трамп

Пасол ЗША пры НАТА адказаў ім.

Арганізатары Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, галоўнага еўрапейскага форуму па пытаннях абароны, заявілі ў новым дакладзе, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп спрыяе разбурэнню пасляваеннага міжнароднага парадку. Пасол ЗША пры НАТА Мэцью Уітакер у адказ параўнаў еўрапейцаў з «малымі дзецьмі», якія залежаць ад амерыканцаў, піша The New York Times.

На думку аўтараў дакладу, эпоха, калі Еўропа магла разлічваць на амерыканскі «парасон бяспекі», фактычна завяршылася. Сістэма міжнароднага парадку, выбудаваная пасля халоднай вайны, разбураецца адначасова з двух бакоў — пад ціскам Расіі і на фоне паступовага адступлення Вашынгтона.

Расія ў дакладзе названа «найбольш значнай і прамой пагрозай» для Еўропы і краін НАТА. Пры гэтым, нягледзячы на цяжкія страты, санкцыі і ціск звонку, Крэмль не дэманструе гатоўнасці да кампрамісаў. Расія перабудавала эканоміку пад доўгую вайну: каля 40% бюджэту краіны накіравана на абарону і бяспеку. Паралельна Масква актыўна выкарыстоўвае гібрыдныя інструменты — кібератакі, сабатаж, падпалы, парушэнні паветранай прасторы і псіхалагічны ціск, каб паралізаваць палітычныя рашэнні ў Еўропе і аслабіць падтрымку Украіны.

Асобную занепакоенасць выклікае ацэнка еўрапейскіх разведслужбаў: нават у выпадку спынення агню Расія зможа адносна хутка аднавіць сілы для новага канфлікту на еўрапейскім напрамку.

«Расія вярнула вайну ў Еўропу. І мы павінны быць гатовыя да маштабу вайны, які перажылі нашы бабулі і дзядулі», — заявіў генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.

На гэтым фоне Еўропа сутыкаецца з другім ударам — няпэўнасцю з боку ЗША. Адміністрацыя Дональда Трампа дала зразумець, што абарона Еўропы і падтрымка Украіны — найперш адказнасць саміх еўрапейцаў. Вашынгтон патрабуе ад ЕС рэзкага росту абаронных выдаткаў, звязвае ўмацаванне бяспекі з эканамічнымі інтарэсамі ЗША і пасылае супярэчлівыя сігналы — ад запэўненняў у падтрымцы да адкрытага ціску.

«Іронія ў тым, што прэзідэнт ЗША — краіны, якая зрабіла больш за любую іншую для фармавання міжнароднага парадку пасля 1945 года, — сёння з’яўляецца самым прыкметным з яго разбуральнікаў. У выніку больш чым праз 80 гадоў пасля пачатку яго стварэння пасляваенны міжнародны парадак сёння знаходзіцца ў стане разбурэння», — пішуць аўтары дакладу.

Па іх словах, «пры Дональдзе Трампе ЗША ў значнай ступені адмовіліся ад ролі лідара вольнага свету».

Пасол ЗША пры НАТА Мэцью Уітакер адхіліў гэтыя ацэнкі. Выступаючы на мерапрыемстве, прысвечаным публікацыі дакладу, ён заявіў:

«Я не бачу свету, які знаходзіўся б у стане разбурэння», — дадаў, што адміністрацыя Трампа «не спрабуе дэмантаваць НАТА».

Уітакер выказаў здагадку, што дзеянні Трампа скіраваныя толькі на тое, каб падштурхнуць Еўропу да большай самастойнасці.

«Калі дзеці маленькія, яны залежаць ад вас. Але ў нейкі момант вы чакаеце, што яны пойдуць працаваць. І, на маю думку, менавіта ў гэтым пункце мы цяпер і знаходзімся», — заявіў ён.

Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы ў 2026 годзе праходзіць 13–15 лютага і збярэ каля 1000 удзельнікаў з больш чым 115 краін, уключаючы лідараў ЗША, ЕС і Украіны.

Дональд Трамп не плануе ўдзельнічаць у канферэнцыі, як і віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс. Чакаецца, што 14 лютага з зваротам да ўдзельнікаў форуму выступіць дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіо.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках