У Чэхіі дзясяткі тысяч выйшлі на плошчы ў падтрымку прэзідэнта
4- 1.02.2026, 22:01
- 7,736
Акрамя чэшскіх сцягоў, у тых, хто сабраўся, былі таксама сцягі ЕС і Украіны.
У нядзелю дзясяткі тысяч людзей выйшлі на вуліцы ў Празе і ў шэрагу іншых гарадоў Чэхіі, каб падтрымаць прэзідэнта краіны Пятра Павела, паведамляе «Радыё Свабода».
Акцыі прайшлі па закліку грамадзянскай ініцыятывы «Мільён імгненняў за дэмакратыю». У Празе ўдзельнікі сабраліся на Старомесцкай і Вацлаўскай плошчах у цэнтры горада. Паводле ацэнак арганізатараў, у мітынгу ўзялі ўдзел ад 80 да 90 тысяч чалавек — гэта адна з найбуйнейшых маніфестацый за апошнія гады. Людзі скандавалі лозунгі кшталту «Мы не адны!». Акрамя сцягоў Чэхіі, у тых, хто сабраўся, былі таксама сцягі ЕС і Украіны.
Прычынай пратэстаў стала абвастрэнне канфлікту паміж прэзідэнтам Пятром Павелам і новым правапапулісцкім урадам на чале з мільярдэрам Андрэем Бабішам.
Сутнасць спрэчкі — адмова Пятра Павела прызначыць пачэснага старшыню партыі «Аўтамабілісты за сябе» Філіпа Турэка міністрам аховы навакольнага асяроддзя. Прэзідэнт патлумачыў сваё рашэнне тым, што раней Турэк дапускаў выказванні, якія, паводле яго слоў, несумяшчальныя з пасадай міністра ў дэмакратычнай дзяржаве.
Павел таксама публічна абвінаваціў міністра замежных спраў і аднапартыйца Турэка Пятра Мацынку у спробе аказаць на яго ціск і фактычна шантажаваць яго з-за гэтага прызначэння. У падтрымку прэзідэнта выказаліся прадстаўнікі праеўрапейскіх партый, якія цяпер знаходзяцца ў апазіцыі.
Былы генерал НАТА, 64-гадовы Пётр Павел з’яўляецца прэзідэнтам Чэхіі з сакавіка 2023 года. На фоне скандалу апазіцыя мае намер у аўторак вынесці на галасаванне вотум недаверу ўраду, абвінавачваючы яго ў ціску на прэзідэнта.
Аднак шанцы на поспех гэтай ініцыятывы невялікія. Кіроўная кааліцыя — партыя ANO Андрэя Бабіша, «Аўтамабілісты» і ультраправая партыя «Свабода і прамая дэмакратыя» — валодае ўстойлівай большасцю: 108 з 200 месцаў у Палаце дэпутатаў. Бабіш, хоць наўпрост не ўдзельнічае ў спрэчцы з прэзідэнтам, даў зразумець, што не разглядае магчымасць звальнення Мацынкі, як таго патрабуюць прыхільнікі прэзідэнта.