У Беларусі змяняюцца правілы выдачы льготных лекаў
7- 1.02.2026, 19:50
- 8,824
Атрымаць якасны замежны прэпарат стане складаней.
З 10 красавіка 2026 года ў Беларусі пачне дзейнічаць пастанова Саўміна (Савета Міністраў), згодна з якой па льготных рэцэптах у першую чаргу будуць выдаваць лекі, якія перамаглі ў тэндэрах дзяржаўных закупак. У другую чаргу — беларускай вытворчасці, піша «Тэлеграф».
І толькі калі ў аптэцы не будзе першых або другіх, тады выдадуць любы прэпарат, які адпавядае патрабаванням.
Гэта істотнае змяненне правілаў, бо ў Беларусі ўжо амаль 15 гадоў у рэцэптах пішуць не канкрэтную назву, а МНН (міжнародная непатэнтаваная назва). Такім чынам, у аптэках маглі выдаваць любыя адпаведныя лекі любога вытворцы.
«Міжнародная непатэнтаваная назва (МНН) — гэта дзейснае рэчыва лекавага сродку», — растлумачыў Юрый Горбіч, кіраўнік камітэта па ахове здароўя Мінска.
«Гандлёвыя назвы прэпаратаў могуць адрознівацца, але дзейснае рэчыва (актыўная субстанцыя) ў іх аднолькавае. Прэпараты розных вытворцаў адрозніваюцца смакам, колерам і часта коштам, а таксама дапаможнымі рэчывамі, якія ёсць у кожным лекавым сродку. А яшчэ — формай выпуску (у таблетках, капсулах), упакоўкай. Але сэнс ад гэтага прынцыпова не змяняецца», — лічыць чыноўнік.