Стралкоў прадказаў лёс Пуціна
4- 1.02.2026, 8:43
- 8,480
Усё скончыцца, як з Мілошавічам.
Расійскае вышэйшае кіраўніцтва чакае лёс Слабадана Мілошавіча, былога прэзідэнта Сербіі, які быў асуджаны Міжнародным трыбуналам па абвінавачанні ў ваенных злачынствах падчас югаслаўскіх войнаў і памёр у турме, заявіў Ігар Гіркін (Стралкоў), піша The Moscow Times.
Так экс-кіраўнік «Мінабароны» самапрагалошанай «ДНР», які адбывае тэрмін у расійскай калоніі за заклікі да экстрэмізму, пракаментаваў інфармацыю пра згоду Масквы на «энергетычнае перамір'е» паміж РФ і Украінай, якое, паводле прадстаўніка Крэмля Дзмітрыя Пяскова, працягнецца да 1 лютага.
«На што разлічвае наша кіраўніцтва, я, шчыра кажучы, не цалкам разумею. На дараванне? Яго не будзе. На прымірэнне? Яго не будзе. Усё скончыцца, як з Мілошавічам, цяпер гэта ўжо зусім відавочна», — напісаў Стралкоў у тэлеграм-канале.
На яго думку, Крэмль спрабуе «гуляць у дагаворнякі» з Вашынгтонам, які забяспечвае ЗСУ зброяй і боепрыпасамі, а Украіна проста цягне час, разлічваючы на тое, што ў вайне на знясіленне яна зможа перамагчы Расію. Стралкоў таксама заявіў пра «вялізныя» страты расійскай арміі ў ходзе амаль чатырохгадовага ўварвання. Паводле апошняга дакладу амерыканскага Цэнтра стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), Расія страціла ў вайне амаль 1,2 млн чалавек, з якіх толькі загінулымі — 325 тысяч.
Стралкоў, які называў сам сябе зачыншчыкам вайны на Данбасе ў 2014 годзе, не ўпершыню крытыкуе расійскае кіраўніцтва. У студзені ён апублікаваў серыю пастоў, у якіх заяўляў, што Расія імкліва рухаецца да паўтарэння Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года, а эліты спрабуюць прадаць краіну, ухваліўшы прыніжальную, на яго думку, мірную дамову з Украінай, якая па сутнасці з'яўляецца паразай у вайне. Таксама былы палкоўнік ФСБ заяўляў, што аб'ёмы хлусні з боку чыноўнікаў і прапаганды б'юць усе гістарычныя рэкорды, а сітуацыя на фронце і ў эканоміцы імкліва пагаршаецца.
У лістападзе 2022 года суд у Гаазе заочна прысудзіў Стралкова да пажыццёвага зняволення па абвінавачанні ў датычнасці да катастрофы малайзійскага «Боінга» рэйса MH17 у 2014 годзе. У студзені 2024-га суд у Маскве прызнаў яго вінаватым у «публічных закліках да экстрэмізму», прысудзіўшы да 4 гадоў пазбаўлення волі. Падставай для абвінавачання сталі два пасты ў тэлеграм-канале Стралкова з крытыкай расійскіх уладаў.