У Мінску пабудавалі сапраўднае іглу са снегу
4- 9.01.2026, 21:47
- 8,656
Жыхары ўзвялі яго проста пад камерамі, каб ніхто не зламаў.
У адным з мінскіх мікрараёнаў заўважылі спаруду са снегу, якая па сваёй задуме нагадвае традыцыйнае жыллё паўночнаамерыканскіх эскімосаў — іглу.
«Сёння падчас прабежкі наткнуўся на іглу: дзеці відавочна ўклалі душу ў гэта будаўніцтва», — напісаў адзін з карыстальнікаў сацыяльнай сеткі Threads.
У каментарыях яму адказалі, што гэтая снежная спаруда — плод сумеснай творчасці дзяцей і дарослых:

«Гэта будаваў мой муж з дзецьмі (9 і 11 гадоў), а пад канец далучыўся ўвесь двор. Напярэдадні пабудавалі падобную, але меншую, непадалёк на стадыёне, але раніцай знайшлі руіны. Таму на гэты раз муж звязаўся з уладальнікамі камер і пабудаваў проста пад імі. І вось — стаіць».
Сам мужчына-будаўнік падзяліўся падрабязнасцямі:

«Спачатку прыходзілі дарослыя з нашага дома дапамагаць, а потым да самага вечара набегла дзятва з усяго раёна, чалавек 15».
Іншы карыстальнік выклаў у каментарыях кадры з самага працэсу стварэння гэтага эскімоскага іглу на беларускай зямлі.