НАСА эвакуе экіпаж з МКС
9- 9.01.2026, 21:34
- 25,286
Што стала прычынай раптоўнага рашэння?
Як паведамляе The New York Times, упершыню за чвэрць стагоддзя працы Міжнароднай касмічнай станцыі экіпаж вымушаны датэрмінова пакінуць арбіту па медыцынскіх паказаннях.
Рашэнне аб вяртанні чатырох удзельнікаў місіі Crew-11 8 студзеня прыняў кіраўнік НАСА Джарэд Айзекман. Агенцтва захоўвае канфідэнцыяльнасць і не называе ні імя астранаўта, ні канкрэтны дыягназ, аднак падкрэслівае, што стан пацыента ацэньваецца як «абсалютна стабільны».
Галоўны лекар НАСА Джэймс Полк растлумачыў сітуацыю так: пакідаць чалавека на арбіце з невызначаным дыягназам ва ўмовах абмежаваных медыцынскіх рэсурсаў — занадта вялікая рызыка. Таму кіраўніцтва вырашыла праявіць асцярожнасць і вярнуць экіпаж на Зямлю ў рамках «кантраляванай медыцынскай эвакуацыі». Прадстаўнікі НАСА адзначаюць, што гэта не экстранная сітуацыя, а ўзважаная мера засцярогі.
У найбліжэйшыя дні карабель SpaceX Crew Dragon адстыкуецца ад МКС і накіруецца да Зямлі для прываднення ў Ціхім акіяне паблізу Сан-Дыега. Дадому вернуцца астранаўты НАСА Зэна Кардман і Майкл Фінк, астранаўт Японскага агенцтва аэракасмічных даследаванняў (JAXA) Кімія Юі і касманаўт «Раскасмаса» Алег Платонаў. Іх місія пачалася ў жніўні і павінна была завяршыцца толькі ў наступным месяцы, пасля прыбыцця змены.
Паведамляецца, што Фінк і Кардман у чацвер, 8 студзеня, павінны былі здзейсніць шасцігадзінны выхад у адкрыты космас для мадэрнізацыі сістэмы электразабеспячэння станцыі. Аднак ён быў адкладзены. Паводле слоў доктара Полка, медыцынская праблема не мае ніякага дачынення да выхаду ў адкрыты космас або да працы самой станцыі.
Паводле даных НАСА, для Майкла Фінка гэта ўжо чацвёрты палёт на касмічную станцыю, а для Кіміі Юі — другі. Кардман і Платонаў адправіліся ў космас упершыню.
У межах місіі некаторыя чальцы экіпажа ўдзельнічаюць у даследаваннях, прысвечаных ацэнцы ўплыву падарожжаў у далёкі космас на здароўе чалавека. Гэта праца ўключае вывучэнне таго, як арганізм засвойвае вітаміны групы B у космасе і як адбываецца пераразмеркаванне вадкасцяў у арганізме ва ўмовах пастаяннай невагомасці.
Пасля адлёту Crew-11 на станцыі застануцца трое касманаўтаў, якія прыбылі туды на караблі «Саюз» у лістападзе. Ім давядзецца скараціць аб’ём навуковых даследаванняў, каб забяспечваць працу станцыі меншым складам.
Цяпер НАСА і SpaceX разглядаюць магчымасць пераносу запуску наступнай місіі, Crew-12, на больш ранні тэрмін. Пры гэтым кіраўніцтва запэўнівае, што сітуацыя, якая склалася, ніяк не паўплывае на графік місіі Artemis II — палёту вакол Месяца, запланаванага на наступны месяц.