9 студзеня 2026, Пятніца, 11:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сляды агню і падпісы камісіі: у Варшаве паказалі бюлетэні 2020 года

15
Сляды агню і падпісы камісіі: у Варшаве паказалі бюлетэні 2020 года
Паліна Шарэнда-Панасюк

Лукашысты спрабавалі знішчыць іх адразу пасля выбараў.

Калекцыя Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве ў студзені 2026 года папоўнілася ўнікальнымі артэфактамі. Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк перадала ўстанове арыгінальныя бюлетэні з прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, якія былі выратаваныя з агню.

Гісторыя гэтых дакументаў драматычная. Як адзначаюць у музеі, улады спрабавалі знішчыць іх у адной з брэсцкіх кацельняў 10–11 жніўня 2020-га, адразу пасля выбараў, каб схаваць сляды фальсіфікацый. Аднак мясцовыя актывісты змаглі літаральна выцягнуць паперы з агню і пазней перадаць іх Паліне Шарэндзе-Панасюк. Пра гэта піша «Радыё Свабода».

Увесь час, пакуль актывістка знаходзілася за кратамі, бюлетэні былі надзейна схаваныя на тэрыторыі Беларусі. Нагадаем, Паліна правяла за кратамі некалькі гадоў — ёй двойчы дадавалі тэрмін паводле артыкула за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі». Толькі пасля яе вызвалення ў лютым 2025 года і тэрміновай эвакуацыі сям’і за мяжу стала магчымым вывезці і гэтыя доказы.

Цяпер 20 бюлетэняў сталі новымі экспанатамі музея. На іх выразна бачны сляды агню, а таксама падпісы членаў выбарчых камісій, што сведчыць пра аўтэнтычнасць дакументаў. У музеі падкрэсліваюць: выратаваныя лісты — гэта не толькі аб’ект калектыўнай памяці, але і прамыя доказы злачынстваў рэжыму, якія могуць быць выкарыстаныя ў будучых судах.

Музей Вольнай Беларусі, заснаваны ў Варшаве ў 2022 годзе, спецыялізуецца менавіта на такіх сведчаннях эпохі. У яго фондах ужо захоўваецца больш за 400 экспанатаў, якія адлюстроўваюць барацьбу беларусаў: ад турэмных робаў і лістоў палітзняволеных (у тым ліку Віктара Бабарыкі і замучанага Алеся Пушкіна) да рэчаў байцоў Палка Каліноўскага. Перадача бюлетэняў стала яшчэ адным укладам у захаванне праўды пра падзеі 2020 года.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках