На Свіслачы ў Мінску заўважылі «ледзяныя блінцы»
1- 7.01.2026, 16:33
- 7,632
Гэта рэдкая з'ява для Беларусі.
Нядаўна на рацэ Свіслач у Мінску відавочцы заўважылі «ледзяныя блінцы» – рассып кружочкаў рознага памеру. Фотаздымкамі гэтай даволі рэдкай для Беларусі прыроднай з'явы падзяліўся Telegram-канал Nadvorie.
Аказваецца, блінкавы лёд звычайна ўтвараецца з прыходам халадоў. Для яго з'яўлення патрэбныя снег, вецер і слабая плынь. Дробны снег змешваецца з кавалачкамі лёду і замярзае. Потым плынь ракі абточвае краі гэтых ледзяных утварэнняў, надаючы ім акруглую форму. Памеры такіх «блінцоў» могуць дасягаць ад 30 сантыметраў да 3 метраў у дыяметры пры таўшчыні да 10 сантыметраў.

Бурлівая вада можа ператвараць такі лёд у больш буйныя масы, калі кавалкі літаральна насоўваюцца адзін на аднаго, урэшце змерзаючыся ў суцэльныя пласты. Калі ж плынь слабая, як на Свіслачы ў гэтыя дні, узнікае такі эфект.


