Рэха «бульбянай змовы»
8- Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»
- 7.01.2026, 10:05
- 9,896
Чаго баіцца Лукашэнка?
У Беларусі «дэпутаты» разгледзяць законапраект, які дасць дадатковыя паўнамоцтвы Камітэту дзяржкантролю. У прыватнасці, адзначылі ў прэс-службе ўрада, дакумент замацоўвае новы прынцып працы ведамства: прафілактыка правапарушэнняў у эканамічнай сферы.
Акрамя таго, КДК дадуць права закрываць крамы — і не толькі іх. Органы дзяржкантролю змогуць «прыпыняць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання пры выяўленні парушэнняў заканадаўства ў галіне цэнаўтварэння, гандлю і грамадскага харчавання».
Таксама ведамства зможа забараняць дзяржаўную рэгістрацыю і ліквідацыю юрыдычных асоб, прыпыняць аперацыі па электронных кашальках у банках і небанкаўскіх фінансавых арганізацыях.
Асобна згадваецца пашырэнне паўнамоцтваў органаў фінансавых расследаванняў Камітэта, а для саміх кантралёраў прадугледжваецца абавязковае дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне.
Гэты законапраект на разгляд унёс Аляксандр Лукашэнка — дык што праўкі ў яго, калі і будуць, дык мінімальныя. А то і зусім абыдзецца без іх, і праект сцвердзяць пад усеагульны «адобрамс».
Цікава, за што правіцель вырашыў заахвоціць менавіта КДК? (Заўважым між радкоў, што кіраўнік ведамства Васіль Герасімаў, у адрозненне ад многіх кіраўнікоў лукашэнкаўскіх ведамстваў, захоўвае сваю пасаду фактычна з верасня 2020 года, плаўна перайшоўшы з в.а. у крэсла старшыні).
Падазраем, што справа ў асаблівым рвенні, з якім ведамства шукала вінаватых у «бульбянай змове». Куды падзелася бульба з беларускіх крам, высвятлялі ўсім разам — ад Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і Мінсельгасхарчу да МУС, Мытнага і Памежнага камітэтаў, Саўміна і самога Лукашэнкі, якому давялося апраўдвацца за дэфіцыт.
Але менавіта Камітэт дзяржкантролю «разабраўся» і знайшоў-такі крайніх — нібыта справа была ў палітыцы, і змоўшчыкі «прытрымалі» бульбу, каб падставіць Лукашэнку і яго цудоўную сістэму ручнога рэгулявання цэн. А правіцелю, як мы ведаем, вельмі падабаецца раскрываць усялякага кшталту змовы, скіраваныя асабіста супраць яго, і выходзіць з іх пераможцам.
Да таго ж цягам года КДК выслужыўся яшчэ не раз.
То правёў чарговую серыю праверак у школьным грамадскім харчаванні, з якім то і справа «ваюе» Лукашэнка, — знайшоў мноства недахопаў, пакараў вінаватых, адрапартаваў.
То далажыў, як чыноўнікі на месцах ігнаруюць распараджэнне Лукашэнкі «навесці жалезны парадак» у гаспадарках да 7 лістапада.
То раскрыў карупцыйныя схемы ў Акадэміі навук пры распрацоўцы электрамабіля, даўшы правіцелю шыкоўную нагоду ўчыніць разнос і апраўдаць нямалыя сродкі, дарэмна выдаткаваныя на праект айчыннага электракара.
Увогуле — вельмі карыснае ведамства. Як для правіцеля, дык амаль ідэальны інструмент. Каб, з аднаго боку, рэагаваць на прэтэнзіі «народзца» (вось вы толькі паскардзіліся, а мы ўжо прыйшлі з праверкамі і штрафамі), а з другога — абсякаць занадта зарваўшыхся чыноўнікаў і кіраўнікоў, якіх пакуль або не з рукі саджаць, або няма кім замяніць, а паказаць, хто тут сапраўдная ўлада, трэба.
А хто будзе выпендрывацца, той і вінаватым у наступнай «змове» раптам можа апынуцца. Дык што — больш, яшчэ больш праверак, яшчэ больш кантролю, яшчэ больш закручаных гаек, яшчэ больш пугі. Бо «салодкіх пернікаў заўсёды не стае на ўсіх». Хіба што для правіцеля і яго світы.
Алеся Матусевіч, «Салідарнасць»