Зяленскі прызначыў Хрысцію Фрыланд сваёй дарадцай
3- 5.01.2026, 13:21
- 8,844
Былая віцэ-прэм'ерка Канады будзе курыраваць пытанні эканамічнага развіцця Украіны.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў пра прызначэнне былога міністра фінансаў і віцэ-прэм'ер-міністра Канады, украінкі па паходжанні Хрысціі Фрыланд дарадцам па пытаннях эканамічнага развіцця.
Пра сваё рашэнне Зяленскі абвясціў у панядзелак, 5 студзеня.
«Хрысця прафесійна валодае менавіта такімі пытаннямі і мае значны досвед прыцягнення інвестыцый і правядзення эканамічных трансфармацый», — гаворыцца ў паведамленні прэзідэнта.
Украінскі лідар таксама падкрэсліў, што цяпер краіне неабходна нарошчваць унутраную ўстойлівасць — дзеля аднаўлення, калі дыпламатыя спрацуе як мага хутчэй.
«І дзеля ўмацавання нашай абароны, калі з-за маруднасці партнёраў давядзецца даўжэй працаваць для завяршэння вайны», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Віцэ-прэм'ерка Канады Хрысція Фрыланд — бадай, адна з самых уплывовых украінак на сусветнай палітычнай арэне, пісаў часопіс НВ у жніўні 2020 года, называючы 20 украінскіх жанчын, якія дасягнулі вынікаў сусветнага ўзроўню ў палітыцы, мастацтве, спорце, навуцы і тэхналогіях.
Украінскую кроў канадская палітык атрымала ад маці, якая нарадзілася ў лагеры ўцекачоў з Украіны ў Германіі. Будучая віцэ-прэм'ерка нарадзілася ўжо ў Канадзе, а адукацыю атрымала ў ЗША і Вялікабрытаніі, у Гарвардскім і Оксфардскім універсітэтах.
Хрысція Фрыланд была важнай фігурай у канадскай палітыцы з 2015 года, калі да ўлады прыйшлі лібералы, і працавала намесніцай былога прэм'ер-міністра Джасціна Трудо.
Яна займала ключавыя пасады ў ўрадзе і ў 2020 годзе стала першай жанчынай на пасадзе міністра фінансаў Канады. У снежні 2024 года Фрыланд раптоўна падала ў адстаўку з пасады міністра фінансаў, за некалькі гадзін да таго, як павінна была прадставіць восеньскую эканамічную заяву, выклікаўшы шок у Атаве.
Яе адстаўка ўзмацніла ціск на Трудо і стала адной з прычын пачатку ўнутрыпартыйнай барацьбы за лідарства.
Акрамя фінансавых пытанняў, Фрыланд мела вялікі ўплыў на знешнюю палітыку Канады. Яна ўзначальвала міністэрствы міжнароднага гандлю і замежных спраў і кіравала канадскай перамоўнай камандай падчас першага тэрміну прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, дзякуючы чаму было падпісана гандлёвае пагадненне.
У верасні 2025 года Фрыланд абвясціла, што сыходзіць з пасады міністра транспарту і ўнутранага гандлю Канады.
Тады ж прэм'ер-міністр Канады Марк Карні папрасіў Фрыланд стаць спецыяльнай прадстаўніцай па пытаннях аднаўлення Украіны.