У Львове развіталіся з беларускім добраахвотнікам Аляксеем Лазаравым
7- 31.01.2026, 22:43
- 11,984
На цырымоніі выступіў мэр горада Андрэй Садовы.
31 студзеня ў Львове развіталіся з беларускім добраахвотнікам Аляксеем Лазаравым (пазыўны — Вуж), які загінуў 19 студзеня пры выкананні баявога задання, піша «Белсат».
Цырымонія пачалася аб 11:00 у гарнізонным храме святых апосталаў Пятра і Паўла, пасля чаго працэсія рушыла на плошчу Рынак, дзе праходзіла агульнагарадское развітанне.
Мэр Львава Андрэй Садовы выказаў спачуванні і адзначыў баявы шлях беларуса:

«Львоў развітваецца з беларусам, які загінуў, абараняючы Украіну. Аляксей Лазараў нарадзіўся ў Мінску, але свядома стаў на бок Украіны з першых дзён поўнамаштабнай вайны. Абараняў Кіеў, ваяваў на поўдні і ўсходзе, служыў у палку імя Кастуся Каліноўскага і ў 225-м батальёне».
Аляксея Лазарава пахаваюць на полі ганаровых пахаванняў № 87 на вуліцы Пасечнай.

Аляксей Лазараў стаў добраахвотнікам адразу пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Вясной 2022 года ён і ягоная будучая жонка Вераніка Яновіч узялі шлюб у Кіеве, пасля чаго абодва далучыліся да палка Каліноўскага. Пазней Аляксей перайшоў у 225-ы асобны штурмавы батальён ЗСУ.

Да вайны Аляксей працаваў інжынерам-праграмістам і актыўна ўдзельнічаў у палітычным жыцці Беларусі. У 2019 годзе ён вылучаўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах, стаўшы адным з самых маладых удзельнікаў кампаніі. З-за пагрозы палітычнага пераследу пасля падзей 2020 года ён быў вымушаны пакінуць радзіму.
Аляксею было 27 гадоў.