Пад Гданьскам затрымана група, што гандлявала драўнінай з Беларусі і РФ
3- 31.01.2026, 16:20
- 3,864
Пастаўкі ажыццяўляліся ў абыход санкцый Еўрасаюза.
Як паведамляе polskieradio.pl, у аперацыі па спыненні іх злачыннай дзейнасці ўдзельнічалі супрацоўнікі марскога падраздзялення Памежнай варты і Нацыянальнай мытна-падатковай службы.
Група, якая складалася з трох грамадзян Польшчы і двух — Расіі (іх узрост — ад 43 да 64 гадоў), у абыход санкцый ЕС гандлявала атрыманай ад расійскіх і беларускіх кампаній фанерай і піламатэрыяламі.
«Асобы, якія дзейнічалі ад імя кампаній, прысутных на польскім рынку, выкарыстоўвалі розныя механізмы абыходу санкцый. У тым ліку — у так званы пераходны перыяд — яны імітавалі пастаўкі нібыта па раней заключаных кантрактах з расійскімі і беларускімі партнёрамі. Пасля заканчэння гэтага перыяду выкарыстоўвалася фіктыўнае ўказанне паходжання драўніны з Казахстана і Турцыі, а таксама няправільная класіфікацыя тавараў паводле мытных кодаў, каб стварыць уяўнасць увозу прадукцыі, якая не падпадае пад санкцыі», — распавёў пракурор Марыюш Душыньскі.
За інкрымінаваныя злачынствы фігурантам справы пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 3 да 30 гадоў. У пракуратуры падкрэсліваюць, што расследаванне працягваецца і не выключана прад’яўленне абвінавачанняў іншым асобам.