У расійскіх Мурманску і Североморску паўторна адбыўся блэкаут
12- 31.01.2026, 12:21
- 6,526
Святло і ацяпленне адключыліся пасля ўстаноўкі драўляных апор ЛЭП.
У Мурманскай вобласці РФ 31 студзеня зноў здарыўся блэкаут, паведаміў губернатар Андрэй Чыбіс. Па яго словах, электрычнасць часткова прапала ў Мурманску і закрытым горадзе Североморск, дзе знаходзіцца база Севморфлота РФ, піша The Moscow Times.
«На ўчастку лініі электраперадачы з часовымі апорамі зафіксавана адключэнне электразабеспячэння. Самі апоры не пашкоджаныя», — запэўніў кіраўнік рэгіёна. Жыхары абласнога цэнтра таксама паведамілі, што з-за перабояў у дамах знікла ацяпленне. У Мурманску сёння — −23°. 27 студзеня Чыбіс рапартаваў пра частковае аднаўленне энергазабеспячэння вобласці пасля замены абрынутых апор ЛЭП на новыя — «часовыя», якія аказаліся драўлянымі.
У «Россети» паведамілі, што энергетыкі працуюць у кругласутачным рэжыме «ў межах раней адпрацаванага алгарытму», пераключаючы абанентаў на рэзервовыя схемы электразабеспячэння. Паводле дадзеных кампаніі, цяпер на іх пераключаныя катэльні, таксама ў першыя хвіліны пасля аварыі ўдалося часткова аднавіць электразабеспячэнне спажыўцоў у Мурманску і Североморску. Аварыйныя работы праводзяцца сіламі 89 спецыялістаў і 39 адзінак спецтэхнікі. У Мурманску з-за паўторнага надзвычайнага здарэння на асаблівы рэжым працы пераведзены грамадскі транспарт і адменены заняткі ў школах, паведаміў мэр Іван Лебедзеў. «Паступова адключаем вулічнае асвятленне і ілюмінацыю. Нагадаю, гэта неабходна для вызвалення магутнасці для прыярытэтных камунальных і сацыяльных аб'ектаў», — напісаў ён у тэлеграм-канале, дадаўшы, што ўлады горада разгарнулі аператыўны штаб.
У Североморску, паводле інфармацыі мэра Уладзіміра Еўменькова, таксама пагасілі вулічнае асвятленне для «зніжэння нагрузкі на сетку і захавання працы крытычна важнай інфраструктуры». Электрычнасць пачалі адключаць і ў жылых дамах: пад абмежаванні трапілі больш за 42 шматпавярхоўкі «ў зоне цеплазабеспячэння «Вялікае Сафонава», адрапартаваў кіраўнік горада.
Як піша выданне «Арктычны Аглядальнік», акрамя Мурманска і Североморска мінулай ноччу электрычнасць прападала ў Заазёрску, Ура-Губе, Сайда-Губе, Відзяеве, Гаджыеве, Палярным, Снежнагорску і іншых населеных пунктах.
Пяць апор ЛЭП, якія былі ўстаноўлены больш за 40–50 гадоў таму, абрынуліся ў сямі км ад Мурманска 23 студзеня, пакінуўшы без электрычнасці, у тым ліку базу Паўночнага флоту. СК РФ узбудзіў крымінальную справу аб халатнасці і пачаў высвятляць, ці выконваліся тэрміны тэхнічнай праверкі, якая павінна праводзіцца раз на пяць гадоў. Таксама следчыя вырашылі вывучыць дзейнасць кампаніі «Россети», адказнай за ўтрыманне ЛЭП у рэгіёне. Пасля надзвычайнага здарэння яна арганізавала дастаўку новых апор з Ленабласці і Карэліі. У пачатку тыдня Чыбіс заяўляў, што для «поўнага завяршэння работ па ўсталяванні і падключэнні асноўных апор спатрэбіцца тыдзень».