Расійскія танкеры пачалі хавацца ля берагоў Турцыі
3- 31.01.2026, 11:09
- 2,732
Апасаючыся марскіх дронаў Украіны.
Расійскія танкеры «ценявога флоту» пачалі хавацца ля берагоў Турцыі падчас плавання па Чорным моры, апасаючыся атак украінскіх беспілотных катэраў.
Пра гэта піша «Мілітарны» са спасылкай на аналітыкаў марскога трафіку і даныя OSINT-праектаў. Паводле «Мілітарнага», танкер STRATEG пад расійскім сцягам, які знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўрасаюза, Украіны, Вялікабрытаніі і некаторых іншых краін, у Чорным моры стараўся рухацца як мага бліжэй уздоўж берагоў Турцыі. Пры гэтым Турцыя, нагадаем, уваходзіць у НАТА.
На карце відаць, што STRATEG выйшаў з расійскага Наварасійска, а потым рухаўся ўздоўж узбярэжжа спачатку каля Сочы, потым ля берагоў Грузіі, а затым ля берагоў Турцыі, пакуль не прайшоў праліў паміж Еўропай і Малой Азіяй — Басфор.
Такім чынам робіцца выснова, што танкеры расійскага «ценявога флоту» змянілі тактыку руху па Чорным моры пасля таго, як украінскія марскія дроны пачалі іх атакаваць. Цяпер яны імкнуцца хадзіць бліжэй да берагоў Турцыі, спадзеючыся, што гэта ўратуе іх ад атак марскіх дронаў.

Нагадаем, у снежні 2025 года Кіеў упершыню публічна прызнаў, што атакуе расійскія танкеры «ценявога флоту», бо яны абыходзяць санкцыі і фінансуюць вайну Расіі супраць Украіны.
У лістападзе—снежні 2025 года ўкраінскія дроны атакавалі чатыры нафтавыя танкеры, звязаныя з расійскім «ценявым флотам». Тры судны былі атакаваныя марскімі дронамі ў Чорным моры, а яшчэ адно — БПЛА ў Міжземным моры.
Паводле дадзеных СБУ, усе атакаваныя танкеры накіроўваліся ў расійскія парты для загрузкі нафты. Узброеныя сілы Украіны працягваюць падобныя аперацыі, каб знізіць магчымасці Крамля па фінансаванні вайны.