Ядзерны магільнік адходаў БелАЭС могуць пабудаваць у Гомельскай вобласці
7- 31.01.2026, 3:28
- 5,920
Паблізу мяжы з Украінай.
Улады Беларусі разглядаюць будаўніцтва пункта пахавання радыёактыўных адходаў БелАЭС у Гомельскай вобласці — паблізу мяжы з Украінай. Ідзе пра вёску Навасёлкі Хойніцкага раёна, якая знаходзіцца па-за межамі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, але непасрэдна каля яго мяжы, паведамляе «Флагшток».
Інфармацыю пра канкрэтнае месца верагоднага будаўніцтва палігона для часовага захоўвання і ўтылізацыі радыёактыўных адходаў выданне «Флагшток» знайшло ў газеце Хойніцкага райвыканкама «Хойніцкія навіны». Звесткі змяшчаюцца ў справаздачы аб грамадскім абмеркаванні пад загалоўкам «Пытанне стратэгічнай важнасці — пра бяспечнае заўтра».
Згодна з публікацыяй, гаворка ідзе пра вёску Навасёлкі, размешчаную прыкладна за сем кіламетраў ад Хойнікаў. Населены пункт не ўваходзіць у зону абавязковага адсялення, аднак фактычна вымер за апошнія гады.
На сустрэчы з мясцовымі жыхарамі прысутнічалі дырэктар беларускай арганізацыі па абыходжанні з радыёактыўнымі адходамі «БелРАО» Дзмітрый Логвін і начальніца аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Яшчанка.
Грамадзянам паведамілі, што першую чаргу пункта пахавання і перапрацоўкі радыёактыўных адходаў плануюць рэалізаваць да 2030 года, а значыць, пачатак будаўнічых прац — «пытанне аднаго-двух гадоў».
Пры гэтым Дзмітрый Логвін заявіў, што канчатковага рашэння пакуль няма.
«У цэлым сказаць, што мы дакладна вызначыліся з межамі, з участкамі, з пляцоўкамі, нельга. Гэта вельмі скрупулёзная праца, яна вельмі доўгатэрміновая», — сказаў ён.
Логвін таксама паабяцаў улічыць меркаванне людзей і заявіў пра гатоўнасць вярнуцца для больш дэталёвага абмеркавання. Пазіцыя мясцовых жыхароў не прыводзіцца.
Раней улады паведамлялі, што прыблізная плошча, патрэбная для размяшчэння такога аб’екта, складае каля аднаго квадратнага кіламетра.