Зяленскі: Расія пераключылася на атакі па лагістыцы і вузлавых станцыях
5- 30.01.2026, 23:39
- 7,010
Армія РФ спыніла ўдары па энергетыцы Украіны, але ўзмацніла — па лагістычных аб’ектах.
Узброеныя сілы РФ пакуль выконваюць энергетычнае перамір’е, пра якое дамовіліся з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Цяпер агрэсар засяродзіўся на абстрэлах чыгуначнай інфраструктуры Украіны.
Пра гэта распавёў украінскі лідар Уладзімір Зяленскі ў звароце да ўкраінцаў увечары 30 студзеня.
Паводле ягоных звестак, мінулай ноччу ўдары па энергетычных аб’ектах не фіксаваліся. Выключэннем стала Данецкая вобласць, дзе быў нанесены авіяўдар па газавай інфраструктуры.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, РФ пераключылася на атакі па лагістыцы і вузлавых станцыях. У прыватнасці, раніцай на тэрыторыі Дняпрапятроўскай вобласці быў паражаны спецыяльны вагон-электрастанцыя «Укрзалізніцы».
Прэзідэнт таксама адзначыў, што на працягу дня працягваліся звыклыя атакі дронамі, авіябомбамі і ракетамі. У Харкаўскай вобласці балістычны ўдар прыйшоўся па складах амерыканскай кампаніі Philip Morris, што прывяло да маштабнага пажару. Пад абстрэламі апынуліся Нікапаль, Херсон, а таксама прыгранічныя раёны Харкаўскай, Сумскай і Чарнігаўскай абласцей.
Зяленскі нагадаў, што Украіна прытрымліваецца люстранага падыходу і, нягледзячы на тое, што атакі з боку Расіі працягваюцца, не наносіла ўдараў па расійскіх энергетычных аб’ектах, пацвярджаючы гатоўнасць выконваць дамоўленасці.
Прэм’ер-міністр Украіны Юлія Свірідэнка таксама заявіла, што Расія мэтанакіравана б’е па лагістычных маршрутах, ажыццяўляючы свядомы тэрор супраць грамадзянскай інфраструктуры і насельніцтва.
Паводле яе слоў, за апошнія 24 гадзіны праціўнік нанёс сем удараў дронамі па аб’ектах чыгункі. Сур’ёзныя пашкоджанні атрымала інфраструктура станцыі Сінельнікава: пацярпелі вагоны электрацягнікоў падчас адстоя, грузавыя вагоны, лакаматывы, шляхі, электрасеткі, адміністрацыйныя і вытворчыя будынкі. Пры гэтым, як падкрэсліла кіраўніца ўрада, абышлося без пацярпелых.
З мэтай бяспекі «Укрзалізніца» была вымушаная захаваць абмежаванні руху паміж Дняпром і Запарожжам. Усе цягнікі, якія павінны былі адпраўляцца з Запарожжа, часова адпраўляюцца з Дняпра, а пасажыраў вячэрніх рэйсаў дастаўляюць аўтобуснымі трансферамі.
29 студзеня прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што асабіста звярнуўся да дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна з просьбай часова спыніць удары па ўкраінскіх гарадах у перыяд моцных маразоў і атрымаў згоду. Зяленскі пацвердзіў наяўнасць дамоўленасцяў аб энергетычнай паўзе, дасягнутых падчас абмеркаванняў у Абу-Дабі.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў таксама паведаміў, што Расія пагадзілася ўстрымацца ад удараў да 1 лютага, патлумачыўшы гэта стварэннем спрыяльных умоў для перамоваў.
Варта адзначыць, што, паводле даных украінскіх метэаралагічных службаў, пасля заканчэння энергетычнага перамір’я ў краіне чакаецца рэзкае пахаладанне са зніжэннем тэмпературы да -28 градусаў.