Урад Сірыі дамовіўся з курдамі
2- 30.01.2026, 23:39
- 4,432
Іх правы прызналі, а іх атрады ўльюцца ў армію дзяржавы.
Урад Сірыі дасягнуў пагаднення з «Сірыйскімі дэмакратычнымі сіламі» (СДС), альянсам нацыянальных апалчэнняў пад кіраўніцтвам курдаў. Курдскія ўзброеныя фармаванні і інстытуты паступова будуць улівацца ў дзяржаўныя структуры, перадае BBC.
Пасол ЗША ў Турцыі і спецпасланнік па Сірыі Том Баррак назваў пагадненне «фундаментальнай і гістарычнай вяхой на шляху Сірыі да нацыянальнага прымірэння, адзінства і ўстойлівай стабільнасці».
Гэтаму папярэднічалі тыдні баёў. Сірыйскім войскам удалося адваяваць абшарныя раёны на паўночным усходзе краіны, якія больш за 10 гадоў знаходзіліся пад кантролем «Сірыйскіх дэмакратычных сіл». Пасля значных тэрытарыяльных страт альянс пагадзіўся на спыненне агню, у выніку чаго значная частка тэрыторый перайшла пад кантроль урада, аднак сутыкненні працягваліся.
Як і падпісанае раней пагадненне з 14 пунктаў, новы дагавор прадугледжвае вывад сіл СДС з лініі судакранання, уступленне іх байцоў у сірыйскую армію і дзяржаўныя структуры, а таксама інтэграцыю адміністрацыйных і грамадзянскіх органаў СДС у дзяржаўную сістэму.
Як паведамілі ў СДС, з іх байцоў створяць тры брыгады, якія сфармуюць падраздзяленне ў складзе сірыйскай арміі. У заяве СДС, апублікаванай у X, гаворыцца, што дасягнута дамоўленасць адносна грамадзянскіх і адукацыйных правоў курдскага насельніцтва, а перамешчаным асобам будзе дазволена вярнуцца дадому.
Паводле пагаднення пад кантроль Дамаска пераходзяць турмы, а таксама нафтавыя і газавыя радовішчы, што знаходзіліся пад кантролем СДС. Да гэтага сірыйскія войскі ўжо ўзялі пад кантроль аб'ект «Омар», буйнейшае нафтавае радовішча краіны, пасля таго як СДС адышлі з гэтых пазіцый. Раней армія захапіла стратэгічна важную плаціну Табка на рацэ Еўфрат.
Курды ўнеслі значны ўклад у разгром «Ісламскай дзяржавы» і пасля пры падтрымцы ЗША кантралявалі амаль трэць тэрыторыі Сірыі. У снежні 2024 года пасля падзення рэжыму Башара Асада, што паклала канец 13-гадовай грамадзянскай вайне, СДС пэўны час захоўвалі кантроль над тэрыторыямі на паўночным усходзе Сірыі.
Прэзідэнт Сірыі Ахмед аш-Шараа, былы кіраўнік паўстанцаў, паабяцаў аб’яднаць падзеленую краіну. Яшчэ ў сакавіку 2025 года паміж яго ўрадам і СДС быў падпісаны дагавор аб інтэграцыі, але здзелка забуксавала, і бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў яе зрыве.