Спікер Дзярждумы РФ заклікаў нанесці ўдар па Украіне «зброяй адплаты»
30- 30.01.2026, 19:06
- 16,912
Вячаслаў Валодзін прызнаў, што Расія не можа перамагчы Украіну на полі бою.
Расія павінна нанесці па Украіне ўдар «зброяй адплаты», каб дамагчыся перамогі ў вайне. Такое патрабаванне, як заявіў спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін, высоўвае дэпутацкі корпус. «Дэпутаты Дзяржаўнай думы настойваюць на ўжыванні больш магутнай зброі — «зброі адплаты». І на дасягненні мэтаў «спецыяльнай ваеннай аперацыі», — напісаў старшыня ніжняй палаты ў тэлеграм-канале.
Валодзін таксама заявіў, што з-за прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага «ужо з наступнага тыдня» грамадзянаў Украіны чакаюць «новыя праблемы». Гэтая заява прагучала пасля сцверджання прадстаўніка Крамля Дзмітрыя Пяскова пра тое, што Масква пагадзілася прыпыніць удары па Кіеве да 1 лютага, каб, па ягоных словах, забяспечыць «спрыяльныя ўмовы» для мірных перамоваў.
Пра спыненне удараў па аб’ектах інфраструктуры расійскія і ўкраінскія вайсковыя блогеры паведамлялі раніцай у чацвер. Пасля гэтага пра гэта заявіў прэзідэнт Дональд Трамп, які растлумачыў, што звярнуўся з асабістай просьбай да свайго расійскага калегі, Уладзіміра Пуціна, «не наносіць удары па Кіеве і іншых гарадах і населеных пунктах цягам тыдня» ў перыяд экстрэмальных маразоў. Пасля серыі магутных абстрэлаў інфраструктуры з боку РФ у студзені тысячы жыхароў шэрагу гарадоў Украіны, у тым ліку яе сталіцы, засталіся без электрычнасці, ацяплення і вады.
Раніцай 30 студзеня ўкраінскі лідар Уладзімір Зяленскі сказаў, што непасрэдных перамоваў паміж Кіевам і Масквой па гэтым пытанні не было: «Калі Расія не б’е па нашай энергетыцы — мы не будзем біць па іх энергетыцы. Думаю, гэта адказ, на які разлічваў пасярэднік перамоваў — ЗША».
З 1 па 3 лютага ва Украіне, згодна з данымі сінаптыкаў, чакаецца максімальнае пахаладанне: тэмпература ў большасці рэгіёнаў краіны апусціцца да 20–27 градусаў ніжэй за нуль, а ў асобных раёнах — да –30 градусаў. Паступовае аслабленне маразоў пачнецца 4–5 лютага.