Макрону давялося апраўдвацца перад Зяленскім
5- 30.01.2026, 18:14
- 10,460
З-за адпушчанага танкера расіян.
Францыя адпусціла раней затрыманы танкер расійскага «ценявога флоту». У тэлефоннай размове 29 студзеня французскі прэзідэнт Эмануэль Макрон заявіў украінскаму калегу Уладзіміру Зяленскаму, што на гэта давялося пайсці з-за патрабаванняў французскага заканадаўства.
Як піша «Еўрапейская праўда», пра гэта Зяленскі распавёў на сустрэчы з журналістамі ў Кіеве.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, Макрон паабяцаў унесці змены ў французскае заканадаўства, каб у будучыні такія танкеры заставаліся пад арыштам.
Зяленскі заклікаў іншыя краіны Еўропы ўзяць прыклад з Францыі і спыняць танкеры расійскага «ценявога флоту».
«Гэта ж пытанне да ўсіх дзяржаў. Прынамсі да паўночных, марскіх дзяржаў, якія маюць на гэта ўплыў. То бок танкеры з расійскай нафтай трэба спыніць, і каб яна ў цябе засталася, а не спыніць на нейкі час і адпусціць», — сказаў украінскі прэзідэнт.
На думку Зяленскага, канфіскацыя танкераў «ценявога флоту» можа стаць важным інструментам набліжэння міру.