«Зарабляць на кветках усё складаней»
5- 30.01.2026, 15:19
- 3,556
Фермер шчыра расказаў пра сваю працу.
Беларус, які займаецца вырошчваннем і аптовым гандлем цюльпанаў, расказаў, якімі будуць цэны на кветкі ў гэтым годзе, а таксама чаму зарабляць на такім бізнэсе стала складаней.
— У параўнанні з мінулым годам цана істотна не змянілася — на гэта паўплываў бягучы курс валют. З-за гэтага кошт кветкі ў рублях застаўся на ранейшым узроўні, — расказаў прадпрымальнік, які займаецца вырошчваннем гэтых кветак, у відэа ў TikTok.
Сярэдняя рознічная цана на цюльпаны, паводле ацэнкі вытворцы, складзе прыкладна 4,5 рубля за штуку. Аднак на кошт таксама будуць уплываць горад і наяўнасць канкурэнцыі.
У снежні мінулага года прадпрымальнік расказваў, што за сем гадоў яго дзейнасці па вырошчванні кветак цяпер самыя складаныя часы, каб на гэтым зарабляць.
— Літаральна тры-чатыры гады таму можна было развівацца, пашырацца, укладваць і зарабляць на цюльпанах. Цяпер цыбуліна каштуе вельмі дорага, яна горшая па якасці, канкурэнцыі больш — з'яўляецца дадатковы той жа некроз (захворванне кветак. — Заўв. рэд.). Вельмі вялікія рызыкі — укладваеш каласальныя грошы, каб зарабіць капейкі.