Беларускі дызайнер зрабіў футра, натхніўшыся забытым рытуалам
7- 30.01.2026, 14:44
- 6,352
Выбіваннем дываноў на снезе.
Цыклон «Уллі» разам са снегам і маразамі нанёс тоны крэатыву: беларусы рабілі мемы, здымалі відэа ў TikTok на лыжах і каньках, ляпілі скульптуры і забаўляліся са ШІ. Адзін з прыколаў зайшоў занадта далёка. Графічны дызайнер Лёша Лімонаў паказаў канцэпты белых футраў з дэкорам у выглядзе лапат, снегаачышчальных МАЗаў, лыжнікаў і выгаленых «анёлаў». Так завірусілася, што давялося насамрэч станавіцца яшчэ і модным дызайнерам.
— Сядзеў каля акна, глядзеў на снег, круціў у галаве ідэі. Спачатку проста прыйшоў вобраз аранжавай лапаты — падумаў, што будзе прыкольна размясціць яе на белай футболцы. Потым прыйшло азарэнне: гэта павінна быць не футболка, а футра. Так яе мяккая тэкстура стала месцам для нейкіх зразумелых гарадскіх сюжэтаў: чалавек з лапатай, самі лапаты, раскіданыя па снезе, снегаачышчальныя аўтамабілі, матывы з сабакамі (калі прыадкрыць некаторыя месцы на футры, віднеюцца іх какулькі), — распавёў Лімонаў.


Дызайнер увасобіў свае фантазіі ў ілюстрацыях з дапамогай ШІ, выклаў у Instagram — і панеслася. Адна толькі падборка фатаграфій з футрамі сабрала больш за 200 тысяч праглядаў, пост лайкалі зоркі, а каментары былі заваленыя пытаннямі: «Дзе купіць?» і «Колькі каштуе?» Лёша жартуе, што пасля таго, як на яго сацсеткі падпісаўся вядомы мадэльер Дзяніс Сімачэў, ён дакладна вырашыў: трэба рабіць сапраўднае футра.
Белае футра для эксперыменту ахвяраваў адзін з беларускіх брэндаў, якім Лёша пісаў з просьбай пра калабарацыю. Дызайнер прынёс рэч дадому, узяў звычайны трымер, якім галіць галаву, і пачаў выгаляць на футры месцы для будучых дызайнерскіх элементаў. Тут і выйшаў першы «пракол»: мех занадта трывалы. Больш магутная машынка для стрыжкі яго таксама «не ўзяла».
— Ужо засмуціўся: эх, такая класная ідэя, а так складана рэалізаваць… У выніку зайшоў у грумінг-салон каля дому, паказаў ім футра. Дзяўчына ўзяла машынку для стрыжкі сабак — і лёгка выгаліла кавалак меху. Я літаральна праз гадзіну купіў сабе такую ж і сеў за працу.
У выніку атрымалася «снежнае» футра з настальгічнымі дэталямі: савецкімі дыванамі і выбівачкамі. Магчыма, народжаныя пасля 2000 года нават не зразумеюць, да чаго адсылае такая кампазіцыя, але ў людзей старэйшых цяпер, упэўнены, глуха застукала ў галаве. У модны slavic core таксама, нібыта, упісваецца ідэальна.

Пакуль рэч існуе ў адзіным экзэмпляры, хоць Лёша не выключае вытворчасць такіх жа пад замову. Ёсць у дызайнера і думкі наконт каляровай серыі футраў з падобнымі «выгаламі» і беларускімі сюжэтамі: рапсавыя палі, камбайны і ўсё ў такім духу.
